Свята градкі
Чую: стукаюць у дзверы.
Адчыняю –
Зайка шэры.
Запрашае ўсіх у госці:
–Калі ласка, ягамосці!
–Што за фэст?
З якой нагоды?
Колькі будзе ў вас народу?
–Прыйдуць, – кажа Зай, – звяры –
Нашы лепшыя сябры.
Ладзім зараз у бары
Свята градак урадлівых,
Што ўраджай далі надзіва!
І зімой, як гола-пуста,
Уратуе нас капуста…
Зай прызнаўся:
–У сябе
Хочам бачыць і цябе!..
Не спазніўся на вячэру,
Хоць мо дзве вярсты адмераў.
Ля стала ў заечай хаце
Рупіцца Зайчыха-маці.
Гаспадар не адстае:
Міскі з ежай падае,
Растаўляе,
Зноў падносіць.
Скора ўсіх за стол запросіць.
Ох, чакалі,
Так хацелі!
Хутка ўсталі,
Шумна селі,
Шпарка селі,
Дружна елі…
Быў я там
І байкі слухаў.
Піў з Мядзведзем медавуху.
Памачылі з Зайкам вусны,
Калі елі боршч капусны,
А з Вавёркай –
Для пацехі –
Разам лушчылі арэхі.
Расціслаў БЕНЗЯРУК