Каласавічок
Зараз, калі “Вясёлка” святкуе сваё 60-годдзе, мы пазнаёмім вас з лепшымі творамі “Каласавічка”. Гэта рубрыка для дашкольнікаў, якую мы вялі на старонках нашага часопіса-юбіляра да з’яўлення “Бусі”.
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ
Укалола лялька ножку,
Клічуць доктара Сярожку.
Доктар ранку бінтаваў –
Ляльцы ножку адарваў.
(№ 6, 1999 г.)
Вінаваты гномікі
Каза купіла “Мерседэс”,
З казлом паехала ў лес.
Пакуль яны грыбы збіралі,
Машыну гномікі ўкралі.
(№ 3, 1996 г.)
Ніна МАЦЯШ
Вожык і Вужык
Пасябравалі Вожык і Вужык, адзін без аднаго сумуюць дужа. І па харчы сабе ходзяць у пары, на сонейку грэюцца разам ды мараць. Паглянь, як пад кусцікам Вожыку Вужык нешта даверліва шэпча на вушка!
(№ 10, 1996 г.)
Ала КАНАПЕЛЬКА
Цікаўны пальчык
То не мышка і не зайчык,
То цікаўны лезе пальчык,
Прадзіравіў мне шкарпэткі,
Бо настойлівы ён гэткі:
Хоча з туфелькі на волю.
Я цікаўнага спатолю
І абую басаножкі –
Хай пільнуецца дарожкі.
(№ 9, 1996 г.)
Вольга САВАСЦЮК
Свінка
Захварэла Васілінка –
На яе напала свінка.
Ды не тая, што пад дубам
Любіць есці жалуды.
Васілінцы свет нялюбы:
Ад вушэй да барады
Твар апух,
Ушыр раздаўся.
Глянуў брацік
І… спужаўся.
(№ 11, 1999 г.)
Авяр’ян ДЗЕРУЖЫНСКІ
– Месца
Ты ў метро
Ўступаеш, сынку?
– Так,
Заўжды –
На канцавым прыпынку.
(№ 6, 1993 г.)
Змітрок МАРОЗАЎ
Дражнілка
Віця, Віця, Віцяля,
З’еў карову і цяля
І дванаццаць парасят,
Толькі хвосцікі вісяць.
(№ 10, 1993 г.)
Ларыса РЫХЦІКАВА
Спісалодка
Вова ляжаў у ложку і ледзь не плакаў. Ну чаму “Калыханка” пачынаецца так рана? На дварэ яшчэ светла. Ён хацеў устаць, падысці да акна, але ўбачыў на падушцы гноміка.
– Не бойся, – сказаў гномік. – Я сябар тых, хто не хоча сам засынаць. Мяне завуць Спісалодка. Заплюшчвай вочы, і я павяду цябе ў краіну Сноў.
Вова заплюшчыў вочы і адразу ўбачыў сваіх сяброў. Яны ўжо трапілі ў цудоўную краіну, гулялі з рознымі цацкамі. Такіх прыгожых цацак Вова ніколі не бачыў. З’явілася жар-птушка, якая расказвала казкі. Над зямлёй лёталі паветраныя шарыкі, да кожнага з якіх быў прывязаны ласунак – марожанае, яблык, пірожнае, цукерка.
– Скажы, што ты хочаш? – спытаў гномік.
– Марожанае! – усклікнуў Вова.
Было так добра, што Вова ўсміхаўся ў сне.
(№ 5, 1994 г.)
Алесь ПІСЬМЯНКОЎ
Зайздрасць
Тата ў горад,
Дзед – на дачу.
Мне ж – найгорай:
У сад дзіцячы.
Добра ім!..
Яны з вусамі,
Яны ўсё
Рашаюць самі.
Смешна ім!..
Яны рагочуць,
Што вусы
Расці не хочуць.
(№ 4, 1994 г.)