Вершы Васіля Віткі
Есць і ёсць
Што есць госць?
Есць, што ёсць.
А што наша госцейка?
Есць, што ёсцейка.
Няхай
Абняхаяў Няхай:
Усё – няхай ды няхай.
Яму торбу з пірагамі,
Яму чорта з рагамі,
Што ні дай –
Няхай.
Уцеха
Дзед уцехаю жыве
І ганарыцца славаю.
Тры валасы на галаве,
Затое кучаравыя.
Пеначка
Пеначка-паненачка,
Жоўтая сукеначка,
Тонкія ножкі,
Патанцуй нам трошкі.
Кажа птушка пеначка:
– Я ўжо не паненачка,
Не весніца, не летніца,
А маці-мнагадзетніца.
Некалі мне танцаваць,
Трэба дзетак гадаваць,
У мяне ўжо тры дачкі
і сыночак от тачкі,
Маленечкі хлапчучок:
Чук-чок,
Чук-чок,
Просіць есці цэлы дзень:
Цінь-цень,
Пінь-пень.
Чыж
Чыж у госці хадзіў,
Чыж з савою піва піў.
Як глынуў ён кроплі дзве –
Зашумела ў галаве,
Ледзьве бедны не самлеў.
Зусім чыжык асавеў.
Трэба нам яго злавіць,
Зноў у клетку пасадзіць.
– Чы-чы-чу, не хачу,
Лепш з савою паскачу.
Апраўданне
Усім нам вядома
Апраўданне Якава:
– Я ж ніколі і нікому
Нічога ніякага.
А калі што якое,
Ну дык што ж там такое?
Удаў
Такая ўродзіна – удаў,
Убачыш, зойме дух.
Каб ты, пачварына, прапаў,
Так напалохаў – ух!
Сон каня
Каню прысніўся страшны сон,
Што ён не конь, а кон.
Перапалохаўся бядак:
– Куды падзеўся мяккі знак?
Васіль ВІТКА (16 мая 1911 – 5 ліпеня 1996) – першы галоўны рэдактар “Вясёлкі”. Слынны пісьменнік, педагог, крытык, публіцыст, аўтар кніг “Вавёрчына гора”, “Казка пра цара Зубра”, “Азбука Васі Вясёлкіна” і многіх іншых.
Ніколі не павышаў голас і не прызнаваў цялесныя пакаранні. У засушлівае лета хадзіў з графінам вады ў лес і ратаваў грыбы. Любіў доўгія пешыя прагулкі, падчас якіх прыдумляў казкі. Лічыў, што “для дзяцей пісаць трэба гэтак жа добра, зразумела, як і для дарослых, але крыху з хітрынкаю. Тады і бацькі, можа, возьмуць што-небудзь для сябе…”