Вершы Міколы Чарняўскага
Міла мыла…
Міла ўранку
Рукі мыла,
Біў струмень бруіста.
А пасля рашыла Міла
Вымыць мыла чыста.
Мыла Міла
Мыла, мыла,
Цёрла ўвішна, шустра…
Ой, куды ж прапала мыла?
У далоньках – пуста!
Яблык
Што за яблык –
Дзіва, мёд!
Ён свіціцца навылёт!
Пальцам стукнеш –
Ён звініць:
Можна яблыкам
Званіць!
Жвавыя вавёрачкі
Дзве жвавыя вавёрачкі
Скакалі праз вяровачкі,
А трэцяя вавёрачка
Шукала: “Дзе вяровачка?”
Абібок
У бычка баліць бачок –
Адляжаў бачок бычок.
На другі б крутнуўся бок,
Ды ляжыць,
Бо – абібок.
Едзе вожык…
Едзе вожык
На кані:
“Паспрабуй дага-ні-і!”
Паспрабуй дагані,
Калі вожык
На кані!
Гузак
Гагатаў шыпун-гусак:
– Дык-індык
Прынёс гузак!
Дзеўбануў той гусака:
– Сам даўно
Без гузака?
Воўчая крыўда
Воўк вяроўку віў,
Воўк ад крыўды выў:
Эх, была б вяроўка,
Не ўцякла б кароўка!
Рагатухі
Хо-хо-хо і Ха-ха-ха
Хорам рагаталі.
Хі-хі-хі і Хе-хе-хе
Хітра паглядалі.
Хе-хе-хе і Хі-хі-хі,
Хто да жартаў з вас
Глухі?