Святочныя пажаданні «Вясёлцы»
Год спяшаецца за годам.
І пагодным днём, і золкім
Хай нас радуе заўсёды,
Грэе, свеціць нам “Вясёлка”
Мікола МАЛЯЎКА
Пад вясёлкай ты, “Вясёлка”,
Прыгажэеш з году ў год,
І ў тваім суквецці сёння
Яркіх колераў –
ПЯЦЬСОТ.
Віктар КАРАМАЗАЎ
Ёсць у мяне думка і слова да ўсіх дзетак: будзьце шчаслівыя! Заўсёды верце, што свет добры, зямля і неба ласкавыя, таты і мамы разумныя і сардэчныя, а ўсё, што вас, любыя, акружае, – жыве вам на радасць. І вы радуйцеся.
Бываюць, вядома, хмаркі ў небе. З хмарак ідзе дождж, сыпле снег. Бывае холадна і няўтульна. Бывае, што зазлуе тата і мама. Але хмаркі ў небе растануць, зноў будзе сонечна і цёпленька, тата падабрэе і распагодзіцца твар у мамы.
І зноў – радуйцеся.
Верце, любыя, у дабрыню і радуйцеся.
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ
“Вясёлкай” нашай
ганаруся –
Дастойна рэйтынг
падняла.
“Вясёлка” выхавала
“Бусю”
І ў свет дзіцячы
прывяла.
Уладзімір КАРЫЗНА
Здароўя,
Ласкавага неба –
Жадаю!
Каб дыхаць лягчэй стала
Любаму краю,
Каб салавей
Чуўся з весняй дубровы
І радасць была вам
Ад роднае мовы.
Мікола МЯТЛІЦКІ
Далёкай светлаю вясной
Ты расцвіла і нада мной.
І вось, убраны сівізной,
Зноў чую юны голас твой.
З табою, любая “Вясёлка”,
Пад небам родным нам не золка.
Красуй заўжды шматкалярова,
Як наша песня, наша мова!