Як дыназаўрык Гаруша знайшоў сябра
Па горнай сцяжынцы ішоў і размаўляў сам з сабою дыназаўрык Гаруша: “Я адзін-адзінюткі. І чаму ў мяне няма сяброў? Я ж мілы, добры дыназаўрык, а скура мая пераліваецца, як вясёлка”. Міма праляцела пчолка. Гаруша памахаў ёй сваім доўгім хвосцікам. Але пчолка ўзляцела высока-высока. Дыназаўрык падняўся за ёй на сваіх велізарных крылах, ды яна ўжо знікла.
– Відаць, яна ведае, што, калі я хвалююся, з мяне вырываецца полымя. Цяжка, калі цябе ўсе баяцца і не хочуць сябраваць…
Раптам пачуўся гул верталёта. Пілот заўважыў рэдкага звера і захацеў яго разгледзець. Верталёт некалькі разоў праляцеў над дыназаўрыкам. Гаруша памахаў пілоту лапай і пракрычаў:
– Будзь маім сябрам! – але ад хвалявання з яго вырвалася полымя. – Ша! Ша!
Агонь ледзь не зачапіў верталёт. Пілот спалохаўся і адляцеў. Гаруша засмуціўся. Але раптам пачулася:
– Ты клікаў мяне?
Дыназаўрык азірнуўся – нідзе ні душы.
– Хто ты і чаму я цябе не бачу?
– Я Павучок, сяджу ў тваім вуху. Я саскочыў з верталёта, калі ты мяне паклікаў. Я хачу з табой сябраваць!
– Гэта праўда? Пакажыся! – папрасіў узрадаваны Гаруша.
– А раптам ты мяне спалохаешся… – засумняваўся Павучок.
– Я спалохаюся? Ты ж такі маленькі!
– Добра. Толькі я адпаўзу, бо раптам ты перадумаеш… – сказаў Павучок і пераляцеў на павуцінцы-парашуце на дрэва.
– А-а-а! – закрычаў Гаруша, калі ўбачыў калматую казюрку, і тут жа схаваўся за сваім хвастом. – Які ты… непрыгожы. Я пра іншага сябра марыў.
– Калі хочаш мець добрых сяброў, глядзі не на твар, а ў душу, на ўчынкі. Гэта я прачытаў у мудрай кнізе.
Гаруша задумаўся.
– Дык мне сысці? – запытальна зірнуў на дыназаўрыка Павучок.
– Ідзі-ідзі, – адказаў той і зрабіў крок назад.
– Асцярожна! Там абрыў! – закрычаў Павучок.
Адной лапай Гаруша стаяў на зямлі, а другая павісла над абрывам. Павучок некалькі разоў старанна абвіў дыназаўрыка павуціннем і пацягнуў да сябе. Але павуцінка… парвалася. Гаруша засмяяўся:
– Я лятаць умею, абрывы мне не страшныя… А ў цябе добрае сэрца. Ты мог зваліцца з абрыву, але спрабаваў мяне ўратаваць. Мудрая кніга мае рацыю! Прабач, што пакрыўдзіў цябе. Ты мой сябар, пра якога я марыў! Мяне завуць Гаруша, бо калі я гару, то крычу “Ша! Ша!” Атрымліваецца “Гару-Ша!”
– А мяне так і завуць – Павучок!
Дыназаўрык усміхнуўся. Павучок скруціўся і вярнуўся ў вуха да Гарушы. З таго часу яны сталі сапраўднымі сябрамі і заўжды падарожнічалі разам.
Ірына ТАРБЕЦКАЯ