Апалон і яго прынцэса
Крышку пра кніжку
У вядомай дзіцячай пісьменніцы Алены Масла выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” новая казка “Мяне завуць Лахнэска”. У кнізе, якую цудоўна аздобіла мастачка Аксана Аракчэева, расказваецца гісторыя сяброўства апалоніка Апалона і дыназаўра Лахнэскі. У кожнага з іх ёсць запаветная мара: Апалон марыць стаць вялікім і магутным супержабам, Лахнэска ж, наадварот, хоча ператварыцца ў маленькую, вытанчаную прынцэсу. Тэма блізкая шмат каму з нас! Бо як часта мы думаем, што занадта худыя альбо занадта тоўстыя, што суседзі і сябры прыгажэйшыя, больш спрытныя. На прыкладзе сваіх герояў Алена Масла тонка іранізуе над гэтымі перажываннямі. Бедная Лахнэска з сумам кажа, што “цяпер мода на пляскатых, як камбала…” Яна хаваецца на дне, бо ведае – з яе будуць смяяцца. Ці здолее апалонік Апалон яе пераўпэўніць у марнасці падобных страхаў, ці зразумее наша гераіня, што сапраўднае хараство не мае межаў і не ўкладваецца ў нейкія стандарты? Пра гэта вы даведаецеся, калі прачытаеце гэтую цудоўную казку.