Певень
Вторник, 18.04.2017 09:49. Рубрика: Вершы
Каля Царскага гасцінца
Небяспечна паявіцца:
Там разбойнік з грабянём
Усё цікуе ноччу й днём:
Напалохаць, закрычаць
Ды гадзіннік адабраць!
Бо нашто гадзіннік людзям!
Лепшы з Пецькі самы будзе!
Скукарэкаць восем-пяць!
Поўнач, поўдзень паказаць!
Можа, поўнач – ну дык не…
Што ж хадзіць тут вам у цьме?!
Квокча мужу Пецьку курка,
Шэрапёрая Барбурка:
– Не разбойнічай! Паспаў бы!
Людзям ім свой час аддаў бы!
Міра ЛУКША