Пачатак універсітэцкай вучобы
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
У які ўніверсітэт адправіўся вучыцца Францішак Скарына?
Зімой 1504 года яго можна ўбачыць у Кракаўскім універсітэце. Некаторыя шкаляры выпраўляліся ў навуку, далучыўшыся да купецкага абозу. Відаць, якраз так і дабіраўся ў Кракаў Францішак.
Якая небяспека пагражала яму ў гэтым падарожжы?
Дарогі былі неспакойныя. Вакол – непраходныя пушчы, дзе лёгка мог перастрэць цябе мядзведзь, тур ці воўк.
З якога ўзросту можна было вучыцца?
Ва ўніверсітэт прымалі не маладзей за 14 гадоў. Але ж з бязвусымі вучыліся разам і сталыя мужчыны. Быў выпадак, калі запісаліся адначасова бацька і сын. Прымалі ва ўніверсітэт на працягу ўсяго года, таму спяшацца абавязкова да нейкай даты не было неабходнасці.
Чаму Кракаўскі ўніверсітэт быў такі папулярны?
Папулярнасці спрыяла тое, што ён на той час быў даволі дэмакратычны. Палову яго выхаванцаў складалі дзеці рамеснага і гандлёвага люду; дзяцей сялян вучылася аж да 10 працэнтаў, што было незвычайна ў параўнанні з такімі ж установамі феадальнай Еўропы. Кракаўскі ўніверсітэт быў вядомы сваімі выдатнымі вучонымі-астраномамі, матэматыкамі.
Колькі трэба было заплаціць за вучобу?
Паступаючы, трэба было ўнесці 8 грошаў. Францішак унёс толькі 2 грошы. Дастатак яго сям’і быў невялікі, і хлопцу давялося спасылацца на сваю беднасць, каб яму зменшылі ўступную плату. За грош тады можна было купіць 32 яйкі або гуся. Два грошы каштавалі добрыя чаравікі.
Як правільна трэба называць Скарыну – Францішкам ці Георгіем?
У даўнейшых дакументах імя Георгій сустрэлася толькі аднойчы – у грамаце польскага караля Сігізмунда І за 1532 год. Сам Скарына называў сябе толькі Францыскам альбо Францішкам. Таму многія вучоныя глядзелі на імя Георгій, як на памылку перапісчыка-перакладчыка, які лацінскае “эгрэгіус” (высокашаноўны) прыняў за “Георгіус” (Георгій).
У наступным нумары ты даведаешся:
які быў незвычайны звычай у тагачасным Кракаве;
чаму Францішак правільна зрабіў, што не ўзяў з сабой у Кракаў зброю;
што гэта быў за такі студэнцкі абрад “абтрэсіны”?
Анатоль КЛЫШКА