Вершы Хведара Жычкі
Четверг, 6.04.2017 10:33. Рубрика: Вершы
Сасонка
Што ёй буркатня-гамонка
старамодных цётак-дрэў!
Выйшла юная сасонка
на палянку,
на прыгрэў;
ветру плечы падстаўляе –
абдымай мяне, мілуй!
Сонцу шчокі падстаўляе –
сагравай мяне, цалуй!
У бярэзніку
Пад нагамі ўжо не брук –
сцежачка-дарожка.
Сеў на грудзі майскі жук,
як жывая брошка.
У мамы на руках
Спіць у мамы на руках сынок,
залюляны мараю салодкай,
нібы,
склаўшы крыльцы,
матылёк
спіць пад ласкай сонца на пялёстках.
Пройдзе час –
і стане явай сон:
выйдзе ў мора, узляціць пад хмары,
працай рук нястомных будзе ён
маладзіць вясновыя абшары.
А пакуль – маленечкі сынок
на руках у мамы спіць салодка.
І жывы трапеча матылёк
Над ягонай ільняной галоўкай.