Вясна
Вясна прыйшла!
У бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгажосці, ў ярыне,
Сама – пекнасць, сама – свята
І прыгожа і багата.
Як прыйшла яна,
Прынясла святла,
Прынясла цяпла,
Наліла ў лагох
Снегавой вады,
Расцвіла ў лугох,
Распляла сады,
Яна радасць мне і свята,
Ёй я дзякую багата.
Алесь ГАРУН
1910 г.
Алесь ГАРУН (11 сакавіка 1887 – 28 ліпеня 1920) – класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, драматург, грамадскі дзеяч. Працаваў у сталярных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. Амаль 10 гадоў правёў у сібірскай ссылцы. Вярнуўшыся на Радзіму, займаўся стварэннем беларускага войска. Свае першыя творы пісаў па-руску, але, прачытаўшы паэму Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”, перайшоў на родную мову. Здзіўляў сваіх знаёмых нязломным характарам, моцнай сілай волі. У 1918 г. выйшла адзіная прыжыццёвая кніга “Матчын дар”. Талентам Алеся Гаруна захапляўся Максім Багдановіч. Для дзяцей напісаў п’есы “Хлопчык у лесе”, “Шчаслівы чырвонец” і “Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць”, якія ўвайшлі ў зборнік “Жывыя казкі” (1920 г.).