“Вясёлка” ў пошуку сяброў
Вторник, 28.03.2017 07:46. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
- У Мінску абвясцілі пра пачатак вялікага рэспубліканскага праекта –конкурс “Жывая класіка”. Прадставіць прыгажосць роднага слова дарослыя даверылі дзецям – так нарадзілася ідэя правесці самы вялікі ў гісторыі Беларусі конкурс юных чытальнікаў. Сімвалічна, што абвясцілі яго менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы. Часопіс “Вясёлка” выступіў інфармацыйным партнёрам рэспубліканскага праекта.
- “Я помню ўсё…” – новая кніга з серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. Прэзентацыя адбылася на ХХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. У кнізе сабраны балючыя ўспаміны вядомых беларускіх пісьменнікаў – “дзяцей вайны”. І гэта не толькі цудоўная проза, але і высокі духоўна-маральны ўрок. Слухаючы гісторыі з кнігі, якія прыводзіў пісьменнік Уладзімір Ліпскі, дзеці трывожна і чулліва ўспрымалі праўду аб ліхалецці. Уразіла слухачоў юная мінская гімназістка Вераніка Ходзіна, якая прачытала верш Уладзіслава Нядзведскага “Праклён табе, праклён табе, вайна!..”
- На Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбылася прэзентацыя часопіса “Вясёлка” і нашага сумеснага праекта “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва” з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
- Акрамя таго, адбыліся прэзентацыйныя сустрэчы з вучнямі сярэдніх школак г. Мінска – 126, 120, 68 і выхаванцамі дзіцячых садкоў № 432 і 434. Навучэнцы гімназій № 14, 16 і 23 сустракаліся з супрацоўнікамі рэдакцыі на тыднях беларускай мовы. “Бусяняты” пачатковых школ № 29 і 39 расказалі літаратурнаму герою Бусю пра свае прыгоды на Калядкі і падарылі малюнкі і лісты ў рэдакцыю. Цікавымі былі сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы № 16, дзе працуе “Бусева скрынка”, і маленькімі аматарамі беларускай мовы гуртка “Маладзічок”, якія прыйшлі на сустрэчу з героямі часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. Вясёлымі і запамінальнымі сталі сустрэчы ў школах Смалявіцкага, Горацкага, Карэліцкага раёнаў.
Вася ВЯСЁЛКІН