Дзяўчынкі
– Мама, мне тэрмінова патрэбен камп’ютар, – папрасіла Вераніка.
– Што зноў здарылася? — усміхнулася мама.
– На занятках у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі нам далі заданне выбраць любую карціну, якая б падыходзіла тэматычна да свята жанчын, і восьмага сакавіка прэзентаваць свой даклад, – сказала Вераніка.
– Цудоўна! А раз ты ўдзельнічаеш у праекце “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва”, то трэба выбраць карціну, на якой намаляваны дзеці, я не памыляюся? – запытала мама.
– Так, і я ўжо выбрала! Гэта карціна “Дзяўчынкі”, напісаная Хрысцінекам Карлам Людвігам у 1772 годзе, на палатне, алеем. Захоўваецца яна ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
– Тады давай шукаць інфармацыю і пісаць твой даклад, – пагадзілася мама.
– Спачатку паглядзім, што ёсць пра мастака, — прапанавала дачка.
– Чытаю: “Вялікай папулярнасцю ў свецкіх колах Пецярбурга Хрысцінек Карл Людвіг карыстаўся ў другой палове васямнаццатага стагоддзя. Расійскі партрэтыст нямецкага паходжання рана страціў бацькоў. У развіцці яго схільнасцей да мастацтва дапамагала, як сказалі б у наш час, нямецкае зямляцтва. Яго настаўнікам быў мастак Пфанцэльт, нямецкі жывапісец, які працаваў рэстаўратарам і наглядчыкам карцін Эрмітажа. Мастацкую адукацыю Карл Людвіг атрымаў у Пецярбургу. Быў вядомы галоўным чынам як партрэтыст. Гэта першы рускі жывапісец “з немцаў”. Маляваў у асноўным сярэдняе дваранства, ваенных, інтэлігенцыю, прадстаўнікоў пецярбургскай нямецкай калоніі. Па ацэнцы сучаснікаў, Хрысцінек быў “добры гарадскі жывапісец і паспяховы партрэтыст”. Часам ён пісаў партрэты, выкарыстоўваючы працы іншых мастакоў. Так быў выкананы, напрыклад, “Партрэт Кацярыны II” з арыгінала А. Росліна. Загаварылі пра мастака ў пачатку 1760-х гадоў, калі ён праявіў сябе пры стварэнні мазаікі Палтаўскай баталіі, якую выраблялі ў майстэрні самога Ламаносава. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя партрэтныя работы майстра. За прадстаўлены ў 1785 годзе ў Акадэмію мастацтваў “Партрэт маці” Карлу Людвігу Хрысцінеку было прапанавана падаць адну са сваіх прац на званне акадэміка. Ён выбраў “Партрэт ад’юнкт-рэктара Ю. М. Фельтэна”. Мастак выканаў конкурсны партрэт ў 1786 годзе. Аднак званне акадэміка мастак не атрымаў. Памёр Карл Людвіг Хрысцінек у 1792 годзе. Пасля смерці майстра наступілі доўгія гады амаль поўнага забыцця. Між тым, да нашых дзён захавалася каля сотні ягоных твораў, што сведчыць аб вялікай папулярнасці мастака ў сучаснікаў”, – закончыла чытаць мама Веранікі.
– Так, з біяграфіяй усё зразумела, а давай паглядзім, якія партрэты ён маляваў, – прапанавала Вераніка.
– Творы мастака, як правіла, сціплыя, без маляўнічага бляску, але выкананы строга. Напісаны ў адпаведнасці з існуючымі канонамі. Яго партрэтам была ўласціва самавітасць, ураўнаважанасць, падкрэсліванне выйгрышных элементаў адзення. Гэтыя палотны хутка заваявалі вядомасць. Колер у яго часам жорсткі, заўсёды строгі, але гэта вернасць сваёй манеры і стварае індывідуальны стыль мастака. Жывапісец не карыстаецца багаццем адценняў каляровага тону. Аднак яго творы не саступалі ў жвавасці, душэўнасці, вобразнасці шэдэўрам рускага партрэту таго часу, – гэту інфармацыю знайшоў і прачытаў тата Веранікі.
– А ў якім стылі намалявана карціна “Дзяўчынкі”? – запытала Вераніка.
– Ну, глядзі, – тлумачыў тата, – стыль ракако адгадваецца амаль імгненна. Гэта мудрагелістыя лініі, адлюстраванне пэўнай жыццёвай сцэны з бесклапотнымі героямі. У карціне праглядваецца святло, а дакладней, выбеленыя кантрасныя плямы, акцэнтуецца погляд на пэўным моманце сюжэту. Тут прысутнічаюць характэрныя рысы ракако – вытанчанасць, дэкаратыўная нагружанасць інтэр’ера і кампазіцыі, арнаментальны рытм. Асноўныя элементы выпісаны з завіткамі. Радзімай гэтага тонкага стылю лічыцца Францыя. З’яўляліся іншыя напрамкі, але ракако быў ўлюблёным стылем мастакоў да канца васямнаццатага стагоддзя.
– Як жа гэта ўсё цікава! Як мне пашанцавала пра гэта даведацца! Мы на занятках дамовіліся з дзяўчатамі, што паспрабуем самі перамаляваць карціну “Дзяўчынкі”, толькі так, як мы яе бачым. Спадзяюся, што мой твор надрукуюць у часопісе “Вясёлка”. Дарэчы, трэба і ў класе ўсім прапанаваць, бо супрацоўнікі рэдакцыі казалі, што можна дасылаць ім на электронны адрас (vyaselka2011@yandex.ru) свае малюнкі, і іх будуць друкаваць. Трэба паспрабаваць!
Анастасія Радзікевіч