Варшаўская сірэнка
Арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваны
Здарылася гэтая гісторыя даўным-даўно. Стаяла некалі сярод лясоў на беразе Віслы рыбацкая вёска. Не вялікая, але і не маленькая. У тым самым месцы, дзе зараз горад прыгожы раскінуўся, Варшава. І вось аднойчы пайшлі па ёй чуткі, быццам істота нейкая таямнічая завялася ў тых водах. То нехта сеці рыбацкія заблытае, то рыбу з іх выпусціць.
Некаторыя рыбакі казалі, што чулі падчас начной рыбалкі чароўныя спевы каля берага. Быццам надзвычай салодкі голас маладой дзяўчыны. Іншыя ж толькі смяяліся з іх, бадай, гэта чарот шуміць, ці вецер у іх галовах. А некалькі рыбакоў і ўвогуле казалі, што бачылі сваімі вачыма, як тая істота вынырвала з вады, ці нават больш – выплывала ўначы пасядзець на пясчаны бераг. І ў свеце поўні можна было добра разглядзець яе – напалову цела стройнай маладой дзяўчыны з даўгімі валасамі, а ніжэй ад пояса замест ног – рыбіны хвост. І насамрэч, спявае салодкім голасам. Можаце верыць, можаце не – прыгажуня сірэнка. Але тым рыбакам яшчэ менш давалі веры. Адкуль яна магла тут узяцца, у гэтакай далечы? – разважалі людзі. Хіба толькі прыплыць з Балтыйскага мора, адтуль, дзе горад Гданьск стаіць. Тады яна, цалкам верагодна, магла быць нават сваячкай той самай русалачкі, скульптуру якой і сёння можна ўбачыць на камяні ў гавані Капенгагена. Невядома, чаму тая сірэнка аблюбавала менавіта гэтыя мясціны. Хаця, зрэшты і самі жыхары лічылі іх маляўнічымі. І з цягам часу ўсё больш сведак яе бачылі і чулі яе прыгожы спеў. А зачараваныя яе спевам рыбакі і зрабіць ёй нічога не маглі, бо быццам розум на час гублялі і не маглі паварушыцца.
Аднойчы праязджаў гэтымі мясцінамі адзін багаты купец. Ноч застала яго ў дарозе і вырашыў ён спыніцца на начлег у той рыбацкай вёсцы. Ночка выдалася светлая, вялізная круглая поўня стаяла высока ў небе і добра асвятляла ўсё наваколле. Не спалася купцу і захацеў ён прагуляцца. І вось, стаіць ён на беразе і не дае веры сваім вачам. Ускалыхаліся хвалі на паверхні вады і выбіраецца з ракі на пясчаны бераг маладая дзяўчына з даўгімі валасамі. І прыгажосць яе нават здалёк у свеце месяца бачна. Ды што гэта? Замест чалавечых ног – хвост рыбіны. Але хутка купец апамятаўся і сцяміў што да чаго, і тут жа скеміў, не будзь ён багацеям – калі злавіць такі цуд і пасадзіць у клетку ды паказваць людзям за грошы, то можна добра на гэтым зарабіць. Не губляючы марна часу, тут жа захацеў злавіць ён нявінную сірэнку. Выпадкова ці не, толькі ён так падумаў і зрабіў крок у бок прыгожай істоты, як яна заспявала сваім салодкім голасам чароўную песню. Мілагучна і павольна. Рукі і ногі купца адразу здранцвелі, цела зрабілася нерухома цяжкім. Але ў той жа момант галава зрабілася лёгкай, думкі кудысьці адляцелі і ён бацам пакрысе пачаў правальвацца ў нябыт. А калі ачуўся – нікога на беразе ўжо не было і толькі ён адзін стаяў усё там жа на беразе ў поўнай самоце, разважаючы, што гэта з ім здарылася.
Ачуняўшы, купец пачаў разважаць, як жа можна гэты цуд вылавіць. Аднаму, ён ужо зразумеў, яму не зладзіцца. І вырашыў ён звярнуцца за дапамогай. Удзень багацей падгаварыў за грошы траіх сыноў рыбака, у якога ён спыніўся, адлавіць тую сірэнку. Пры гэтым загадаў ім заткнуць вушы воскам, каб і іх не зачаравала яна сваім спевам. Узялі браты сець паболей і адправіліся ўтраіх на паляванне. Ноч ізноў была такая светлая, што і паходняў не трэба. Стаіліся яны ў лодцы ў чароце і прыняліся чакаць. Доўга прасядзелі яны, хаваючыся ў засадзе не зварухнуўшыся. Ужо рукі-ногі пачалі дранцвець. Раптам чуюць – пляск вады. І выбіраецца на бераг сірэнка, дзівоснай прыгажосці. Села яна на бліжэйшы валун, расчэсвае свае даўгія валасы і песню сваю чароўную пачынае спяваць. Выскачылі хлопцы і пабеглі што моцы на яе з сеткай. Зразумела сірэнка адразу, што бяда яе чакае і хацела кінуцца да вады, але тыя хлопцы шлях ёй адрэзалі. Накінулі на яе сеці, скруцілі, і панеслі.
– Ну вось ты і трапілася, – кажуць яны задаволена. – Цяпер і грошы за цябе атрымаем і падзяку ад рыбакоў. Ніхто не будзе больш нам рыбу выпускаць і сеткі блытаць.
Не на жарт перапужалася сірэнка. Маўчыць, ні жывая, ні мёртвая. Занеслі яе ў драўляны шоп, дзе захоўвалі рыбацкія ды гаспадарчыя прылады, ды і кінулі на падлозе. Пакінулі малодшага брата сцерагчы, а самі пайшлі спаць. Купца пасярод ночы будзіць не сталі, да раніцы пачакае. Не куды ўлоў той не дзенецца.
Сядзіць хлопец каля яе, пільнуе. І бачыць – робіцца дзяўчыне ўсё горш і горш. Слёзы з яе вачэй, як жамчужыны падаюць. Не вытрымаў ён, дастаў воск з вушэй ды пытае:
– Што з табой, прыгажуня?
– Не магу я доўга без вады. Яшчэ трохі і памру напэўна.
Не вытрымала сэрца хлопца, паверыў ён яе словам, злітаваўся над няшчаснай. Развязаў яе, разблытаў сетку, падхапіў яе на рукі і панёс хутка на бераг Віслы. Толькі паклаў яе ў ваду, забілася яна як рыба на радасцях, ачуняла і нырнула ў раку. Перапалохаўся напачатку хлопец, што ашукала яго сірэнка, але не прайшло і хвіліны, як вяртаецца яна.
– Дзякую табе, выратаваў ты мяне з бяды. Але за што вы мяне загубіць хацелі? Не зрабіла ж я вам нічога злога.
– Ды не хацелі мы нічога такога, гэта купец падгаварыў нас злавіць цябе. Ды і рыбакі вёскі на цябе, прызнацца, трохі злыя. То сеці ім заблытаеш, то рыбу выпусціш.
– Дык не знарок я гэта. У сеці гэтыя я сама часам трапляю, даводзіцца выблытвацца. А рыбак тых часам проста шкада, не магу іх ў бядзе пакінуць. Я ж чую, як яны плачуць і жаляцца.
– Але што прывяло цябе ў нашы краі?
– Мясціны мне вашы дужа спадабаліся. І хлопцы вашыя. Я ж вам кожную ноч і спявала, бо пакахала вас. А вы на мяне з сеццю, як на драпежніка якога…
– Ты ж прабач нас, неразумных. Не ведалі мы гэтага. Ніхто не хацеў цябе прычыніць шкоды. Абяцаю, што больш ніхто цябе не пакрыўдзіць.
– Добра, прабачаю я вам. Але вымушана вас пакінуць, каб больш ніхто не меў спакусы мяне вылавіць яшчэ раз. А за тваю дабрыню і шчырае сэрца абяцаю, як будзе чакаць вас небяспека настолькі вялікая, што не зможаце з гэтым самі зладзіцца, вярнуся, каб бараніць вас, з мячом і шчытом.
І з гэтымі словамі яна знікла назаўсёды. Сёння на месцы той рыбацкай вёскі стаіць вялікі горад – Варшава. Жыхары горада не забыліся пра сваю сірэнку. На беразе Віслы, прыкладна ў тым месцы, дзе яна выйшла з вады на пясчаны бераг, каб адпачыць, усталявалі ёй помнік. Стаіць на ім сірэнка са шчытом і мячом, ахоўваючы бяспеку горада.