Урок пра пажар
Крышку пра кніжку
Пад Новы год здараюцца розныя прыгоды. А вось братоў Воўку і Сашку спаткала бяда. Усё пачыналася як бы добра. Воўка прыхарошваў ялінку. Дапамагаў яму кот Партос. Павесілі на зялёныя галінкі цацкі, шарыкі, гірлянды. І атрымалася з елкі святочная ёлка.
Эх, што б яшчэ зрабіць, каб ёлка стала прыгажэйшай, найлепшай? Воўка прыдумаў: намасціў пад ёлкай ваты, каб было дзе класці падарункі, і вакол паклаў гірлянду свечак. Сам пайшоў гаспадарыць на кухню.
А каля ёлкі пачаў “гаспадарыць” кот Партос. Яму захацелася пагуляць са свечкамі. Самі разумееце, да чаго гэта прывяло. Здарыўся ў хаце пажар. Што зрабіў Воўка? Схаваўся ў шафе.
І тут аўтар кнігі “Гісторыя пра пажар” Наталля Ігнаценка пачынае павучальны ўрок з чытачамі: як трэба сябе паводзіць, каб не было пажару? А калі ён здарыўся, то трэба ўмела яго тушыць, умела сябе трымаць каля дыму і агню. У сваёй павучальнай кнізе пісьменніца папулярна тлумачыць меры перасцярогі пры пажары, да месца выкарыстоўвае парады дарослых, прымаўкі, загадкі.
Кнігу Наталлі Ігнаценкі выпусціла ў свет выдавецтва “Бяловагруп”. Малюнкі Алены Карповіч. Шукайце “Гісторыю пра пажар” у кнігарнях.
Вася ВЯСЁЛКІН