Як яноты вучылі ноты
Четверг, 16.02.2017 13:50. Рубрика: “Вясёлка” – 60
У суботу
Сем янотаў
З раніцы вучылі ноты.
Ледзь адзін адолеў
ДО,
Уздыхнуў:
– На гэтым до!
Вельмі ж сумная навука,
Не навука, а дакука.
А другі дайшоў да
РЭ:
– Нешта ў горле мне
дзярэ.
Не навука, а сухоты.
Без яе жылі яноты!
Трэці ўзяць не можа
МІ:
– Што тут галаву тлуміць!
Часу у мяне багата,
Лепей слухаць казкі
таты.
А чацвёрты:
– Што мне
ФА.
Мне без музыкі – лафа!
Не!
Навука не па мне,
Хай яна мяне міне!
Пяты кажа:
– Чую
СОЛЬ –
Працінае вушы боль.
Невясёлая навука.
Буду маме пець на вуха.
Шосты моршчыцца на
ЛЯ:
– Лепей вывучу пасля!
Сёмы ўзненавідзеў
СІ.
– Хоць мяне ты укусі,
Хоць прасі, хоць не прасі,
Мне цягнуць абрыдла сі.
Так маленькія яноты
І не вывучылі ноты.
Рыгор БАРАДУЛІН
(№11 лістапад 1965)
Дзякуй за добры i вяселы верш. Ён мне падабаецца.