Мая Беларусь
Аповесць-споведзь
Бярозкі-сястрычкі ў прыветным паклоне
па ўсіх дарогах – вялікіх і малых.
Клёнікі-брацікі трымаюць парасонікі
для нябесных прыгод, нягод.
Дубы-бацькі ў маўклівай варце на лясных абшарах.
Сосны-мамы са смалістымі слёзкамі ў вечнай пазалоце.
Куды ні кінь – паўсюль браты і сёстры, таты і мамы.
І гэта повязь лучыць прыроду і людзей у адно дыханне –
мая Беларусь!
***
Спакойны бусел у буслянцы на хаце.
Сыты зубр у адвечнай пушчы.
Галасісты салоўка ў чаромхавых кустах.
Вёрткія вугры ў блакітнай Нарачы.
Шчабятлівыя жаўрукі над рунню палеткаў,
адваяваных у балот.
Зорнае неба над нашым зямным раем.
Каласістае, умалотнае жыта на аграрных гонях.
Нястомныя краны-журавы на будоўлях.
Усё гэта – мая Беларусь!
У адвечным белым уборы.
А ў колеры белым – усе краскі вясёлкі.
У іх няма чорных фарбаў.
Гэта добры знак усім нам.
***
Мая Беларусь!
Ты – маё здароўе.
Глытаю тваё паветра –
хачу сустрэць новы дзень.
Босым іду па расе –
шукаю бадзёрасці.
Васільковымі вачыма
пазіраю на каласістае жыта –
чую голас Максіма Багдановіча:
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
Бачу ў небе вясёлку-падкоўку –
душа поўніцца свежасцю.
Рукой цягнуся да матылька –
хачу, як і ён,
лётаць, цешыцца, цалаваць кветкі.
Хай, Божа, усё ладзіцца,
як у прыродным храме,
а я ў ім – аптэкар-самалекар.
***
Мая Беларусь!
Ты мой вывераны гадзіннік –
цік-так, цік-так.
Ці так жыву, ці не так?
Ці тое раблю, чаго варты?
Ці туды іду, куды трэба?
Ці тое бачу, што важна?
Ці тым дыхаю, што акрыляе?
Мой гадзіннік жыцця
завялі Бог і Бацькі.
Гадзіннік майго веку
Цікае на зямлі Беларусі.
Хачу, жадаю, малюся,
каб стрэлкі ўласнага гадзінніка
ніколі, ні наколечкі
не адставалі ад часу,
у якім жыве Айчына.
Хай жа гэта будзе
сугуччам аднаго сэрца!
***
Мая Беларусь.
Хачу прачынацца рана-раненька,
разам з дзікімі птушкамі,
пад спевы свойскіх пеўняў.
Баюся прапусціць узыход сонца,
пачатак новага дня.
Хачу, каб кожны міг
зямнога раю
поўніўся дзівосамі, радасцю,
а тлум, беды, смутак
адляталі на сухі лес.
Хачу бачыць абнадзеены
захад сонца
і цешыцца пад зорамі.
Хачу вымаліць у Божухны
яшчэ адзін дзянёчак.
І ў ім не стамлюся
любіць цябе,
мая чароўная Беларусь.
Уладзімір ЛІПСКІ