Сямейнае чытанне
Калі Уладзіміру Ліпскаму было 12 год, настаўнік фізкультуры зрабіў заўвагу: хлопчык не ўмее падцягвацца. Ужо праз месяц Уладзімір на самаробным турніку рабіў акрабатычныя нумары не горш за любімага кінагероя Тарзана.
Мама расказвала яму захапляльныя гісторыі, спявала песні. Пазней Уладзімір даведаўся, што гэта былі творы Якуба Коласа: менавіта па кнігах аўтара “Новай зямлі” ён вучыўся чытаць і пісаць.
Дабрыня Ліпскага, уменне авалодаць увагай аўдыторыі, – гэта ад Мамы.
Ён любіць падарожжы. Аб’ездзіў ці не ўвесь свет. У яго творах тэма дарогі, руху, яркіх нечаканых адкрыццяў – адна з асноўных.
Творчае правіла Уладзіміра Ліпскага – пісаць займальна, дынамічна, лёгка, але змест павінен быць глыбокім. У аповесці “Закаханы трэцякласнік” – казачна-захапляльная экскурсія па Беларусі. У кнізе “Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод” праз амаль дэтэктыўнае даследаванне роду Ліпскіх мы па-новаму глядзім на гісторыю нашай краіны.
Чалавек здзіўляльнай энергіі, аўтар мноства творчых праектаў, ён, тым не менш, любіць цішыню. У рэдкія выходныя для яго асалода сядзець з вудай. У буднія дні любіць ноч – час творчасці.
Уладзімір Ліпскі ўпэўнены – жыць трэба паводле запавету: якія б халодныя зімы нас не пужалі, людзям трэба дарыць толькі самы сонечны настрой!
На сайце “Вясёлкі” www.veselka.by прачытайце твор Уладзіміра Ліпскага “Загадкавы чалавечак” і намалюйце ілюстрацыі. Самыя ўдалыя будуць надрукаваны.
Вася Вясёлкін
Уладзімір Ліпскі (6 мая 1940) – беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1978 г. узначальвае часопіс “Вясёлка”. Старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня Усебеларускіх фестываляў народнага гумару ў Аўцюках. Аўтар звыш 70 кніг, прысвечаных дарослым і дзецям. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, Васіля Віткі, Аляксандра Грына. Атрымаў Міжнародную прэмію А. Швейцара (1998 г.). У 2001 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, у 2005 г. – прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, у 2007 г. – Ордэн Францыска Скарыны.