Ці пазяхае бегемот?
Сяджу спакойна,
Без турбот.
Ды нехта — шкроб у дзверы.
— Ці пазяхае бегемот? –
Пытае зайка шэры.
Маўчу,
Вады набраўшы ў рот,
Прыкінуўся
Нязнайкай.
— Ці пазяхае бегемот? —
Касіцца хітры зайка.
Разгладзіў вусы рыжы кот,
Яго ніхто не клікаў.
— Ці пазяхае бегемот? —
Прыжмурыўся мурлыка.
І крот,
Вядомы абармот,
Знайшоў
Нарэшце вочы.
— Ці пазяхае бегемот? —
Дазнацца дужа хоча.
Бугай,
Аглухлы ад грымот,-
Хацеў басці маланку.
-Ці пазяхае бегемот? –
Як зараве ля ганку.
Настырны дужа вы народ,
Дакучылі да смерці.
«Ці пазяхае бегемот?» —
Ідзіце ды праверце!
— А дзе жыве
Той бегемот? –
Усе спыталі хорам.
— А там,
Дзе жыў ён дзвесце год.
Быць невукамі сорам!
Пакажа вам жыраф
Раку,
Дзе твань і цягамота.
Ідзіце проста ў Афрыку
Пабачыць бегемота.
— Цяпер,
Вам дзякуй,
Знаем дзе,
У Афрыцы, вядома.
Ды хто
Туды нас павядзе,
Бы ў Афрыцы ж –не дома?!
Мы можам згінуць без пары,
Нас можа з’есці заедзь.
— Вы ўсе разумныя,
Сябры,
А самы хуткі заяц…
Ідзіце.
Году не міне –
Здаволіце ахвоту.
Ды перадайце ад мяне
Вітанне бегемоту.
Вам сам
Шаноўны бегемот
Адкажа на пытанне.
І дружна рушылі ў паход
Сябры
Назаўтра ўранні.
Нялёгка пакідаць жытло,
Ды знаць усё –
Цікава.
То сонца ўперадзе ішло,
То некуды ўцякала.
Сябе б саміх
Не ашукаць,
Ішлі,
Ва ўсіх пыталі,
Як бегемота адшукаць
Альбо гіпапатама?
Яго знайшлі, нарэшце,
Там,
Дзе нізка
Звісла неба.
Разбуджаны гіпапатам
Скрывіўся:
— Што вам трэба?..
Якраз
Не ў час
Прыйшлі яны.
Не ў госці ж да суседа.
Таўшчэзны
Бегемот ляны
Драмаў пасля абеда.
І гэткая дрымота
Найшла на бегемота,
Так смачна
Раптам пазяхнуў
І ўсіх цікаўных
Праглынуў.
Цяпер
Не маю я клапот.
А знаць каму ахвота,
Ці пазяхае бегемот?
Спытайце ў бегемота!..
Рыгор Барадулін