Кузёмка
– Кузя, Кузёмка, хутчэй: па тэлевізары “Прыгоды Нязнайкі”, першая серыя, – крычыць Гена, высунуўшыся ў фортку. Крычыць некалькі разоў адно і тое ж.
– Сціхні ты, няма мне часу, – адмахваецца Кузьма.
Кузьма ніколі не сядзіць без работы. Вось і цяпер. Усе, як па камандзе, пабеглі дамоў да тэлевізара. Пакідалі хто скакалку, хто машыну, хто ляльку. Кузьма ведае кожную рэч, чыя яна. Падыме, пагуляе трошкі – і ў пад’езд, каб аддаць гаспадару. Дзе пачуе шчыры “дзякуй”, а дзе і незадаволенае: “Што табе трэба?”
Кузя любіць парадак, як і яго дзядуля Рыгор.
– Трэба, каб у двары, як і дома, было заўсёды чыста, спарадкавана, – гаворыць дзед, выграбаючы з травы панакіданыя за дзень паперкі, а з-пад кустоў апалае лісце ці сухую галінку.
– А мы гэтае смецце збяром у кучку і падпалім, вогнішча раскладзём, – радуецца ўнук і дапамагае дзеду.
– Спалім, а попелам гэтым кусцік падкормім, – разважае дзед.
– Дзеду, а попел смачны?
– Не каштаваў, – усміхаецца дзядуля, – але, мабыць, смачны, калі расліны любяць. Вось пасыплем, перакапаем, пальём – і куст памаладзее, разлапушыцца… Збегай, унучак, у падвал, прынясі вядро ды які-небудзь дзяркач…
Кузя бяжыць да пад’езда.
“Не Кузя, а сапраўдная кузурка, – думае дзед. – Бегае сабе і бегае…”
– Што, дзеду, збіраць смецце ў вядро?
– Ты ўжо?! – дзівіцца дзядуля, бо і не згледзеў, як Кузя збегаў у падвал. – А венік?
– Хіба ж ты казаў пра венік?
– Загад трэба заўсёды слухаць да канца.
Сур’ёзна гаворыць дзед ці смяецца, так Кузя і не разабраў, кінуўся зноў да пад’езда.
Але не дабег. Чорную пройму неасветленага пад’езда перагарадзіў Генаў бульдог. Высозны, як жарабя, дужы, морда чорная, страшная. І без намордніка.
Кузя заплюшчыў вочы і скамянеў. Хацеў пабегчы назад, але ногі не слухаюцца. Як прыраслі. Хоча крыкнуць, ды не можа.
Хлопчык расплюшчыў вочы. Бульдог усё гэтак жа нерухома стаяў. І Кузя закрычаў:
– Дзеду-у!.. Дзе-ду-у-у-у-у!..
Дзядуля з вядром у руках кінуўся да ўнучка. А бульдог і не думаў саступаць з дарогі. Дзеда ён не баяўся, як і нікога ў двары. Усе абміналі бульдога, калі ён вырываўся на двор без гаспадара.
– Пайшоў прэч! – замахаў дзед вядром на бульдога.
Той і вухам не павёў. Толькі ледзь чутна, хрыпла выдыхнуў: “Гыр-р-р”. І ні з месца.
Дзед не разгубіўся, нездарма ж усю вайну разведчыкам праслужыў. Нацэліўся і спрытна насадзіў вядро на ўзнятую бульдогаву галаву. Сабака рвануўся з вядром на галаве ўбок, тыцнуўся ў сцяну. Вядро з грукатам пакацілася па прыступках ганка, па асфальце, а бульдог ажно прысеў ад страху на заднія лапы. А Кузя як зарагоча!
– Не спужаўся, унучак? Плюнь тры разы, – узрадаваўся дзед. – Хадзем пасядзім на лавачцы, супакойся. У жыцці не такія страхі бываюць.
Бульдог пастаяў, заскуголіў і знік у пад’ездзе.
Уладзімір ЮРЭВІЧ