Як звяры дзяцей ратавалі
На ўскрайку вялікага лесу жыў ляснік з жонкай і двума маленькімі дзеткамі – Васільком і Калінкай.
Ляснік наглядаў за парадкам у лесе, а жонка вяла гаспадарку. Быў у іх паляўнічы сабака Дазор. Ляснік вельмі любіў паляванне.
“Калі вырасту, стану самым знакамітым паляўнічым у свеце”, – думаў Васілёк, гледзячы на бацьку.
Аднойчы раніцай бацька з Дазорам пайшлі на паляванне, маці корпалася на кухні, а дзеці гулялі ў двары. Але хутка ім усё надакучыла. І дзеці рушылі ў лес. Паласаваліся дзеткі ляснымі ягадамі, трэба дадому, а куды ісці? Апынуліся яны ў самым гушчары. Кінуліся ў адзін бок, у другі, а там лес яшчэ гусцейшы. Крычалі-крычалі, ды хто іх пачуе? Селі малыя пад дрэва.
А ў гэты час Вавёрачка, Вожык і Заяц вярталіся дадому пасля гасцявання ў Савы. Звычайна звяры абыходзяць людзей у лесе. Але зараз Вавёрка пачула дзіцячы плач і адразу паскакала туды.
– Трэба ім дапамагчы, – сказала Вавёрачка.
Але Заяц прыгледзеўся да дзяцей і раптам закрычаў:
– Вы што? Гэта ж сын Злога Паляўнічага! Я іх разам у лесе бачыў. Падрасце і таксама пачне забіваць звяроў!
Вавёрачка разгубілася, але Вожык сказаў:
– Пакуль ён не паляўнічы, а маленькі хлопчык. Тым больш, з ім малодшая сястрычка. А маленькім трэба дапамагаць. Бо калі з’явіцца Воўк, дапамагчы будзе складана.
Заяц цяжка ўздыхнуў, але кіўнуў галавой у знак згоды.
Вавёрачка падскочыла да дзетак і паказала лапкай дарогу да вёскі. Васілёк падняўся і ўзяў за руку сястрычку. Так яны і пайшлі: наперадзе скакала Вавёрка, побач бег Заяц, а ззаду тупаў Вожык.
Як толькі дзеці і Вожык прыйшлі дамоў, пачуўся радасны брэх, і да дзяцей падбег Дазор. За ім ляцелі ўзрушаны бацька і заплаканая маці. Яны падбеглі да дзетак і сталі іх абдымаць ды цалаваць.
На Вожыка звярнуў увагу адзін Дазор, але ён успомніў, як малым шчанюком хацеў пагуляць з такім звярком, ды толькі ўвесь абкалоўся. Але Вожык, тым не менш, схаваўся ў жыце.
– Мамачка, татуля, – сказала Калінка. – Звяры такія добрыя. Гэта яны нас выратавалі.
– І я ніколі не буду паляўнічым! – дадаў Васілёк.
Алег Мельнікаў