Васіль ВІТКА. Сямейнае чытанне
Казка пра цара зубра
Гэта казка пра цара
Белавежскага зубра.
Калі хто яго баіцца,
Няхай з намі не садзіцца.
Самых смелых сярод вас
Просім слухаць гэты сказ.
АРТЫСТ ЗАЙ
Строга па гадзінніку
Жыў у ціхім доме,
У густым асінніку,
Добры наш знаёмы.
Ён трымаўся распарадку:
Спаць пад’еўшы не любіў;
Раніцай рабіў зарадку,
На прагулку ўдзень хадзіў.
Вывесіў сабе расклад
На ўсю сценку, як плакат.
Калі хмарыла на дождж,
Не выходзіў без галёш,
А ад сонца ў спёку ён
Браў з сабою парасон.
Вось і сёння, роўна ў пяць,
Ён сабраўся пагуляць.
Выткнуў галаву з дзвярэй
Ды назад, назад хутчэй,
Бо пачуў нязвычны свіст.
— А, здароў,
Здароў, артыст! —
І на ганак на тым часе
Узышоў Вясёлкін Вася.
Ён сказаў: — Дазволь, зайчына,
Мне з табою пагуляць.
Я даўно шукаў прычыны,
Каб сяброўства нам пачаць.
Добра, што ў дуброве гэтай
Пасяліўся наш атрад,
І я вельмі, вельмі рад,
Што прабуду ўсё тут лета.
— Калі ласка, я заўсёды
Рад кампаніі такой.
Ведаю я ў лесе ходы
І ўсе сцежкі да адной.
Што ж, пайшлі, бо мне ўжо час, —
Сказаў заяц у адказ,
Глянуў на ручны гадзіннік
І пакінуў свой асіннік.
ЗУБРОВА ДЗЯРЖАВА
Вось яны ідуць удвух
Цераз поле, цераз луг.
Павявае ветрык свежы.
Але кончыўся прастор,
Пачалася Белавежа,
Векавечны цёмны бор.
Воўк свае паставіў бельмы.
Страшна Васю, ды не вельмі.
Меў Васіль наган пры боку,
Меў надзейны меч шырокі —
Нержавеючы,
Фанерны,
Да канца
Герою верны…
Шэпча заяц: — Сцеражыся,
За табою сочаць рысі.
Чуеш, точыць іклы дзік?..
— А вунь гэта што за бык
Пахаджае на папасе? —
Запытаўся раптам Вася.
Як затросся ўвесь зайчына,
Не патрапіць зуб на зуб:
— Ц-ц-ціха, гэта ж цар звярыны,
Сам яго вялікасць зубр!
ЗНАЁМСТВА З ЦАРОМ
— А, дык гэта ён! — і Вася
Тут жа да зубра падаўся.
Хіб наставіў звер калматы.
А Васіль яму: — Прывет!
З Менска вам прывет, ад брата,
Што вядомы на ўвесь свет.
У нас на кожным самазвале
Зіхаціць яго партрэт.
Ён такі ж, як вы,
Якраз
І завецца
У нас
МАЗ.
Брата вашага прызналі,
Сапраўды, асілак ён —
Падымае сорак тон…
— Вон! — пачуўся раптам стогн.
Зубр сярдзіта ўскінуў рогі.
— У мяне свае дарогі,
Клопату свайго багата,
Не хачу я ведаць брата,
Не хачу я вам служыць,
Не хачу з табой дружыць!..
А з-за куста — штурх пад бок
Заяц хлопца: — Васілёк,
Лезці ў спрэчку з ім не варта,
Кепскія з царамі жарты, —
На гадзіннік скоса глянуў:
— Як нам выбрацца дамоў?
Ажно тут на іх з паляны
Рынуў цэлы гурт звяроў:
— Хто такія?
— Вы турысты?
— Мы лясныя…
Мы ар..тыс…ты, —
Заяц ледзь сказаць паспеў
І ад страху ўвесь самлеў.
— Га-га-га!
— Го-го!
— Ого!
— Паглядзіце на яго,
Гэта ж заяц наш стары! —
Пацяшаліся звяры.
— Бач, які ён важны франт.
— Ты хто: танцор ці музыкант?
МЕЧ ВАСІ ВЯСЁЛКІНА
Не сцярпеў Вясёлкін Вася
І за верны меч узяўся.
Як махнуў на ўвесь дух —
Сыпануўся з дуба ліст:
— Хто не верыць, што мой друг —
Слаўны цыркавы артыст?
Сам яго нядаўна бачыў
Я па тэлеперадачы.
Ён выходзіў на экран
І лапай біў у барабан!..
— Ох, — зароўкалі зубры,
Застагналі, захраплі, —
Мы да гэтае пары
Яшчэ ў цырку не былі,
Мы ні разу не глядзелі
Ні кіно яшчэ, ні тэле…
А зуброў сынок-бамбіза
Як распусціць слімзары:
— С-у-м-на мне без тэлевіза…
Па-м-м-ру без тэлевізара!..
Як заенчыць, як заплача
Ўся зубрыная радня:
— Няхай
Зай
Спяе,
Паскача, —
Пашкадуйце ж
Зубраня!
Падабрэў і цар зубрыны:
— Ты прабач мне, Васілёк,
І ты, слаўны Зай-зайчына,
Ну пацешце майго сына,
Занудзіўся мой сынок.
— Не, — сказаў Вясёлкін Вася, —
Я за няньку не наймаўся.
Мне даўно пара дамоў.
Да спаткання, будзь здароў!
Не хачу я вам служыць,
Не хачу з табой дружыць.
ЦАР СТРАШЫЦЬ ВАЙНОЮ
Скасавурыў грозна вочы
Пушчы цёмнае ўладар:
— Прызнаваць мяне не хочаш?
Цар я тут або не цар?
— Больш няма цароў на свеце.
Кончылася іх улада,
Гэта знаюць усе дзеці,
Нават малышы з дзетсада.
Зубр ад злосці аж зароў:
— Як гэта няма цароў?
Мой стары зубрыны род
Мае сотні тысяч год.
Не ліхвярствам,
Не махлярствам
Я сваё праславіў царства.
Шмат я выхадзіў бароў,
Горкіх папагрыз асінак
І таму сярод звяроў
Самы дужы стаў асілак.
Вось табе мой сказ, браток.
А цяпер ступі хоць крок:
На мяжы маёй дзяржавы
Пільныя стаяць заставы,
І не выйдзеце без візы вы,
Аж пакуль наш род зубрыны
Не пабачыць той карціны,
Што глядзеў ты ў тэлевізары.
Не такі ўжо заяц пан,
Няхай скіне свой каптан
І паскача на паляне,
Як на вашым тым экране.
Гэта царскі мой загад,
Рад яму ты ці не рад?!
ЧАСОВАЕ ЗАМІРЭННЕ
Разгубіўся наш зайчына,
Замаргаў артыст вачыма,
Ледзьве-ледзьве ўжо не плача:
— Не па сіле нам задача…
Сам сабе ўсміхнуўся Вася
І шапнуў: — Каб удалася
Нам з табой адна забава,
Пасмяяліся б, ей-права.
А зубру сказаў ён так:
— Заключаем з вамі пакт,
Мірны дагавор часовы,
Толькі пры адной умове:
Калі вы такі асілак,
Не рабіце больш памылак.
Слухаць я не вас павінны,
А важатага дружыны.
Вы — не пан,
Я — не батрак.
Аб’яўляецца
Ан-
Тракт!
Неабходна даць хоць крышку
І артыстам перадышку.
СЛЕД РУЧАЯ
І пайшлі нашы героі
Пад шацёр магутнай хвоі,
Дзе б тут хоць вады напіцца?
Чуюць, ручаёк бруіцца.
Глянулі, а ён, як нітка,
Тоненькі, але ўсё ж плытка
Кропельку за кропляй гоніць,
Між травы ў званочкі звоніць.
— Пабяжым за ручаём! —
Крыкнуў зайцу Вася. —
Свежае вады пап’ём,
Ану, падымайся!
І адразу ўзяў разгон
Напрасткі хлапчына,
На ўвесь дух імчыцца ён,
А за ім — зайчына.
Толькі што такое? Ай!
Абагнаў сяброў ручай,
Выслізнуў з-пад самых ног,
Знік, прапаў, зашыўся ў мох.
ЦАРСКІЯ СТРАЖНІКІ
Азірнуліся сябры:
Следам крадуцца звяры,
Слугі верныя зубровы,
Ўсе чыны яго аховы
На чале з галоўным чынам,
Што вышэйшы ранг ваўчыны
Нёс у поўным сваім бляску
І крывою шабляй ляскаў.
Дзе трушком, а дзе наўскач,
Выскаліўшы зуб-сякач,
Бег стары кабан надворны.
Знаў сваю ён службу ўзорна:
Япруковым лычам сытым
Увесь лес быў перарыты.
Ззаду, згорбіўшыся ў сук,
Клыпаў адстаўны барсук.
Ад стараннай працы ўночы
Папсаваў сабе ён вочы
І цяпер займаў пасаду
Невысокага разраду.
А лісіца і куніца,
Дзве выведчыцы-сястрыцы,
Высцілаючыся плазам,
Вострым вухам,
Тонкім нюхам,
На ляту лавілі разам
Ўсё, што думаў Вася ўпотай,
І запісвалі ў блакноты.
ТЭЛЕВІЗАР, ЗНОЙДЗЕНЫ Ў ЛЕСЕ
Перасмяглі ў Васі губы,
Хоць бы кропельку вады.
— Ручаёчак, братка любы,
Дзе ж падзеўся ты, куды?
А-у, ручай, а-у, ручай,
Хутчэй з бяды нас выручай!
Сам сабе не верыць Вася.
Чуе, нехта абазваўся.
Натапырыў заяц вушы
І паціху шэпча: — Рушым,
Можа, гэта мне здалося,
Але вунь між тонкіх сосен
Штосьці бліснула, як вока,
Во! Зусім жа недалёка.
Глянуў Вася: — Гэй, за мною,
Гэта ж возера лясное!
І з узгорка пад адхон
Збег на самы бераг ён.
Да вады прыпаў губамі,
Быццам носам шкло дзяўбе.
Раптам у зялёнай раме
Вася ўбачыў сам сябе:
Выгаралы русы чуб,
І вяснушкі ўсе на носе,
І смяшынку паміж губ.
— Вось сустрэцца дзе прыйшлося,
Ад радні за сотні міль! —
Васілю сказаў Васіль
І прыжмурыў хітра вочы,
А пасля як зарагоча,
Як састроіць хлопец фізію…
— Стоп! Дык гэта ж тэлевізія!
Чуеш, Зай?
Сюды бягай!
Бачыш круглы і вялізарны?..
-Хто?
— Прыёмнік тэлевізарны!
Ну, збываецца мой план.
Паглядзі, экран?
— Экран.
— Дык скідай хутчэй каптан!
ВЯСЁЛКІН СТАВІЦЬ АНТЭНУ
Тут без грому і без гулу
Па камлі як шмарганула,
Мільганулася маланка
І панесла навіну
З прыазёрнае палянкі
На высозную сасну.
Сыпануліся іголкі
Васю проста за каўнер.
Дзіву дзівіцца Вясёлкін
І гадае: — Што за звер
Укусіў мяне за спіну?..
Думаў Вася мо хвіліну.
Потым з прысвістам,
З прыпевам
Кінуўся і сам
На дрэва.
ПЕСНЯ ВЕРХАЛАЗА
Я палезу сам
На хвою
І антэну вам
Настрою.
Не баюся
Я ані,
Што звалюся
З вышыні.
Стаўлю строма
Мачту ўраз,
Я вядомы
Верхалаз.
Вася і не здагадаўся,
Хто так шпарка, спрытна, вёртка
Памагаць яму узяўся,
Ну, вядома ж хто — вавёрка.
Добры майстар быў наш Вася,
Меў заўсёды у кішэні
Гайкі, вінцікі ў запасе
І цвікоў, можа, са жменю, —
Ўсё насіў ён у ахвоту,
Нават ладны скрутак дроту.
Толькі быў той дрот кароткі —
Не хапіла для праводкі.
І прыйшлося б хлопцу горка,
Сеў надоўга б ён на мель,
Каб увішная вавёрка
Не здаўмелася: — А хмель?
Хмель віецца па сасне.
Зай,
Падай
Кавалак мне!
Прычаплю да верхавіны,
Падыму да самых зор —
Няхай слухае навіны
Белавежскі цёмны бор.
— Малайцы, — сказаў Васіль, —
Я не справіўся б адзін,
Не хапіла б часу, сіл,
А ўтраіх за пяць хвілін
Мы паставілі, як бач ты,
Тэлевізарную мачту.
— Перадача пачалася! —
Абвясціў Васёлкін Вася. —
Па сцэнарыю Зай-Зая
Пойдзе хроніка лясная.
Ўсе, хто толькі пажадае, —
Кожны сам сябе пазнае.
Хай бацькі ўжо заадно
І дзяцей вядуць ў кіно.
Дазваляецца ўваход
Ўсім, каму шаснаццаць год!
Нечакана бор глухі
Зіхіхікаў: хі-хі-хі.
Зашумеў лясны народ,
Загудзеў на ўсе лады:
— Вася, у шаснаццаць год
Ў нас не дзеці, а дзяды…
Выскачыў з нары янот:
— Мне сягоння роўна год:
Вылезлі нясмела з хаткі
І двайняткі-
Бабраняткі:
— А нам месяцаў па восем…
— Што ж, праходзьце,
Просім, просім!
Запытала Васю ласка,
Выгнуўшы куртаты хвост:
— Гэта для маленькіх казка?
— Для маленькіх,
Нападрост!
ЦІХА! ІДЗЕ ПЕРАДАЧА
Па антэне віўся хмель,
А ля самага камля
Гуў, нібы віяланчэль,
Аксамітным басам чмель,
І ўся слухала зямля
Музыку «Палёт чмяля».
Мільгануўся на экране
Лось, нібы намаляваны:
Даўгашыі і цыбаты,
Паміж вушак — дзве лапаты.
Паварочвалася шустра
Модніцаю перад люстрам
І яшчэ адна красуля —
Эўрапейская казуля.
Раптам хлопец у далоні
Ад здзіўлення аж запляскаў:
З дна, з блакітнага прадоння,
На яго глядзела казка,
Светлы чарадзейны сон.
— Хто ты, цень?
— Я — алень.
— А чаму ў цябе
На лбе
Кактусавыя галіны?
— Гэта летні мой вазон,
Я яго зімою скіну.
На свой здымак паглядзець
Падышоў стары мядзведзь
І нагнуўся асцярожна.
І хоць быў адбітак пробны,
Ён сказаў: — Дальбог, падобны.
Тут мяне пазнае кожны.
Запытаў Васёлкін Мішку:
— Можна ўставіць вас ў кніжку?
— А чаму ж няможна?
Можна!
ВОЎК НЕ ПАЗНАЕ СЯБЕ
Царская прыйшла ахова
І маўчала — хоць бы слова.
Потым старшы чын ваўчыны
Захацеў уласным вокам
Паглядзець, як на карціне
Ён паказан, — ці глыбока.
Толькі глянуў на экран
І ўскіпеў: — Падман! Падман!
Хіба ж злосны я і грубы
І такія ў мяне зубы?
Дзе шнуры, дзе эпалеты,
Храбрасці маёй прыкметы?
Хіба так смяяцца можна?
Ды крывую шаблю з ножнаў
Хоп — і бойка пачалася…
Можа б, і загінуў Вася,
Галава зляцела б з плеч,
Каб не ўласны верны меч.
А раз’юшаная зграя
Калі рынецца на Зая,
І былі б яму канцы…
Раптам царскія ганцы,
Маладыя два мядзведзі,
Закрычалі:
— Едзе! Едзе!
І адразу ж з гушчара
Світа вывела цара.
І пачуўся царскі голас:
— Калі зваліцца хоць волас
З галавы маіх гасцей —
Недалічыце касцей!
Хто парушыў голас чэсці,
Каб са свету Васю звесці?
— Цар! — завыў ад страху воўк,
Хвост падціснуў і замоўк.
Ён баяўся напралом
Лезці ў гутарку з зубром.
Але тут неспадзявана
Падвярнуўся нечакана
Кадр, зусім непажаданы
Для шырокага экрана.
— Кр-р-ра! — як каркнула варона
І зняважыла карону.
Волата хапіў удар,
Вызверыўся люты цар:
— Дзе ахова? Дзе чыны?
І куды глядзяць яны?
Да зубра падскочыў воўк,
Лапу ўзяў пад казырок.
Учарнеў ваўчыны князь,
Адно шпорамі: лясь-лясь.
— Быў цара зубра закон —
Палавіць усіх варон?
Чаго лыпаеш вачыма?
Пазбаўляю цябе чына! —
Крыкнуў цар, і ў гневе ён
З воўка сам сарваў пагон.
Дзік, барсук з такой нагоды
Як далі са світы ходу,
А зласлівая варона
Зноў над галавой цара,
Не шануючы закона,
Калі каркне: — Кра-кра-кра!
Як хапіў Васіль свой ладны
Самапал сямізарадны,
Як прыцэліўся ён: п-пух!
Ад вароны толькі — пух.
ЦАР ЗДАЕ КАРОНУ Ў МУЗЕЙ
Падышоў тады да броду
Буры цар, доўгабароды,
Глянуў у ваду: — Не бачу,
Пэўна, састарэў, няйначай.
Павярнуўся: — Дзе сыны?
Збегаюць няхай яны
Прынясуць мне акуляры,
А то вочы засцяць хмары…
На тым часе да двара
Збегалі сыны зубра,
Ледзь прывалаклі ў футляры
Рагавыя акуляры.
Пачапіў ён іх на рогі
І яшчэ стаў болей строгі,
Глянуў на астатак світы
І сказаў усім сярдзіта:
— Адракаюся ад трону! —
І сарваў з сябе карону,
Размахнуўся і, ей-ей,
Быў гатоў шпурнуць на дно.
— Лепш аддай яе ў музей
І не псуй ты мне кіно! —
Выгукнуў Вясёлкін звонка.
І пайшла круціцца плёнка.
Пачыналася карціна:
«Зай-зайчына —
Малайчына».
НЕЧАКАНАЕ ЗДАРЭННЕ З ЛІСОЮ
Нялёгкая задача —
Такая перадача,
Калі за кожным рухам
Лісіца водзіць вухам
І хоча зайца з’есці
І толькі дзеля чэсці
Слугуе да пары
На лапках пры зубры.
А Зай наш — малайчына,
Артыст, штукар і хлус,
З лясной кінакарціны
Пакручвае ўжо вус.
З крывулінай сухою,
Нібы касец з касою,
Ён, весела сустрэты,
Пачаў свае куплеты.
………..
КУПЛЕТЫ ЗАЯ
Нясу
Касу
На плячы,
Хачу
Лісу
Засячы.
Дрыжы,
Ліска,
Ліжы
Міскі,
Дагрызай
Косці —
Едзе Зай
У госці.
Хавай,
Кажу,
Кіпцюр хіжы,
Скідай,
Скідай
Кажух
Рыжы.
Павярніся,
Ліска,
Пакланіся
Нізка:
Смертухна
Ўжо блізка.
………..
Лісіца не сцярпела,
Ўваччу замільгацела
Ад зайцавай ігры:
— Зубры!
Зірніце самі —
Ён дагары нагамі,
Нагамі дагары
Во! Над сасной
Павіс.
Во! Галавой
Уніз! Падманшчык! Шарлатан! —
І скок на той экран.
І, на сваю бяду,
Кульнулася ў ваду.
Ад ліскі —
Толькі пырскі,
А публіка ад віску,
Ад крыку: — Брава! Брава! —
Аж млела
І стагнала.
Тады, як па сігналу,
На дзве, на тры хвіліны
Сыходзіў Зай з карціны,
І кланяўся налева,
І кланяўся направа.
Сам зубр на той камедыі
Ўтрымаў свой гонар ледзьве.
Варочаўся,
Згінаўся,
Пасля ўсё ж засмяяўся,
І доўга смех зубрыны
Пагойдваў верхавіны.
ЗУБР АДПІСВАЕ ВЯСЁЛКІНУ ЎСЁ СВАЁ ЦАРСТВА
У кампаніі з зубрамі
Даглядзеў Васіль праграму,
Спахапіўся наш Вясёлкін,
Як пачаўся вечар золкі,
Як густы лясны туман
Лёг наплывам на экран,
І стары зубр-адзінец
Гучна прачытаў:
«Канец»
І, расчулены надзіва,
Выцер слёзы:
— Я шчаслівы,
Што з Вясёлкіным спазнаўся,
Што прыйшоў у пушчу Вася.
І здароў будзе няхай
Добры госць наш, храбры Зай.
Першы раз за век свой бачу
Я такую перадачу,
Дзе артысты перад намі
Ходзяць дагары нагамі.
Шчыра захапіўся ўвесь я,
Бо, згадзіцеся вы самі,
Гэта нават між зайцамі —
Вельмі рэдкая прафесія…
Па бяседзе ж і па часе
Цар былы сказаў так Васю:
— Аддаю табе дуброву,
Не палову,
А зуброву
Ўсю вялікую дзяржаву,
Ўсю адпісваю па праву —
Дык валодай ёй на славу.
Буду я з табой дружыць,
Буду сам табе служыць…
Калі ж месяц запацелы
Ледзь прадраўся з гушчара,
Стаў асілак белы-белы,
Ўвесь адліты з серабра,
Ну як брат яго
Якраз,
Што завецца
У нас
МАЗ.
Гэткі ж хіб
і рогі-вілы,
Сам жа —
нечуванай сілы.
Што яму ўжо
сорак тон,
Нават тысяча,
Мільён!
Паслухмяны Васілю,
Ён падыме ўсю зямлю!
І адразу з вёскі ў вёску
Паляцела пагалоска
І ў шчаслівы
добры час
Дакацілася да нас,
Што знаёмаю дарогай
Едзе Вася з перамогай
На сярэбраным зубры
Цераз цёмныя бары,
Цераз поле, луг і гай,
А за ім — вясёлы Зай,
Пад губой стаіўшы смех,
Ледзьве плішчыць поўны мех
Нам усім не для пацехі,
Бо ў мяшку…
Не, не арэхі.
У мяшку вялізны звязак
Новых
Васілёвых
Казак.
Хто я?
Узяў мяне одум:
Хто я такі, адкуль родам?
İ дазнацца ў мамы мусіў –
Беларус я, з Беларусі.
Беларусь
На карце вялікага свету
Яна – як зялёны лісток,
Сасмаглая песня лета,
Жывое вады глыток,
Адвечная калыханка,
Душы запаветны куток.
Трапеча гарачым ранкам
На дрэве нястомны лісток,
А ў навальніцу б’ецца,
Нябачны паміж лісця,
Як роднае матчына сэрца,
Што мне даражэй жыцця.
Развітанне з букваром
3 табой прыйшлі мы ў першы клас
Асеннім цёплым ранкам,
А сёння ўжо нам брацца час
За новую чытанку.
Ляцяць, ляцяць сняжынкі з хмар
İ над зямлёю кружаць.
Табе мы дзякуем, «Буквар»,
Бывай, наш добры дружа!
Да нас прыйшла твая сястра
У клас сяброўкай новай.
Прыйшла шчаслівая пара
Дружыць нам з «Родным словам».
Вясна
Паміж снегу ў лесе — дзіва.
Хто ні гляне, скажа: ах!
Я агеньчык зіхатлівы
Радасна нясу ў руках.
Горнуцца дубы, бярозы
Голлем да майго цяпла.
Больш не вернуцца марозы —
Я пралеску прынясла.
Кобра
Улавілі кобру,
Пасадзілі ў торбу.
Калі ў торбе кобра —
Гэта вельмі добра.
Зайчык-вадалаз
Апавяданне
Наш калодзеж пры самай вуліцы. I хоць ён завецца Ціхонаў калодзеж, ваду з яго бяруць усе, хто хоча. Вада ў ім заўсёды светлая і чыстая. Калодзеж капалі мы — я і мой тата. Але як толькі пачалі, бачым — ідуць і суседзі з рыдлёўкамі.
— Прыйшлі памагчы табе, Ціхон, — сказалі яны майму тату.
Тата абрадаваўся, бо гуртам выкапаеш за два-тры дні, а ўдвух мы і за месяц не справіліся б.
I работа ў нас закіпела. Калі пасля абеду я заглянуў у калодзеж, дык аж спалохаўся. Такая была глыбіня.
Тата сказаў:
— Стась, адыдзіся. Лепш збірай вунь каменьчыкі, што мы выкідаем наверх з глінаю. Я стаў ля халоднай жоўтай гары і навыбіраў цэлую копку мокрых і гладкіх галышыкаў. А потым перанасіў усе да аднаго ў агародчык і абклаў імі градкі. Назаўтра мы спускалі трубы, ставячы іх адну на адну. Калодзеж у нас цэментаваны. Тата сказаў мне:
— Зірні, Стасік, як далёка вада.
Я зірнуў і не ўбачыў дна.
— Як мы яе дастанем, тата? — спытаў я.
— Яна сама прыйдзе.
Я крыкнуў у калодзеж:
— Вада!
З самага дна адгукнулася:
— А-а!
Тады я зусім паціху сказаў:
— Стась.
Глыбіня абазвалася:
— Ась!
Тую ваду, што насачылася за ноч, мы з татам вычарпалі. Яна была каламутная, з глеем і пяском. Гэтак мы выскрабалі дно, пакуль не паказаўся чысты жвір. Цяпер наша вада самая смачная. Бывае, і не хочаш, а пачнеш піць — не адарвацца. Не дзіва, што ля нашай хаты спыняюцца і падарожныя і праезджыя. Ніхто не абміне калодзежа. Людзі п’юць, выціраюць рукою пот і гавораць:
— Але ж і вадзічка ў вас!
У гарачы дзень, ідучы на работу, людзі наліваюць сабе вады ў дубовыя біклажкі, каб было чым прагнаць смагу ў полі. Няма адбою і ад малых. Яны збягаюцца з усяе вуліцы. I мне столькі клопату, пакуль усіх панапойваю.
— Стасічак, выцягні хаця з паўвядзерца.
— Стась, прынясі кубачак, — просяць самыя меншыя, што не ўмеюць піць з вядра.
Я бягу ў хату і выношу вялізную конаўку, якая стаіць у нас у мыцельніку.
Спярша я ўсіх паіў у ахвоту, а потым сказаў:
— Не буду.
— Хіба табе вады шкада?
— Няўжо ж не.
Тата пачуў мае словы.
— А ты ведаеш, чаму наша вада смачная? — спытаўся ён.
— Чаму, татачка?
— А таму, што ёй не даюць застойвацца. Чым больш яе п’юць, тым яна смачнейшая. Нікому не шкадуй напіцца,— сказаў тата.— Зняможаны чалавек і той адразу падужэе, як пап’е свежай вады.
I я нікому не шкадую. Я рад напаіць з нашага калодзежа кожнага. Заходзьце, піце. Калі не можаце з вядра, я вам конаўку вынесу. Даставаць ваду ў нас лёгка. Над калодзежам мы паставілі калаўрот. Круці за ручку — ланцуг навіваецца на вал і выцягвае вядро. Круціць я магу. Чэрпаць адно не ўмею. I не толькі я. I нашы суседзі часта тапілі вядро. Хіснуць ланцугом, восілка выскачыць з зашчапкі, вядро — боўць! I няма. Тады ідуць да нас.
— Ціхонка, — просяць майго тату, — памажы дастаць. Мы з татам бяром доўгі прут з кручком на канцы і спускаем яго ў калодзеж. Бывае, доўга папаводзіш, папашнырыш ім, пакуль уловіш. I гэтак часта тапілася наша вядро, пакуль мы не прыкавалі яго да ланцуга. I тады ўжо ўсе чэрпалі смела. Як хочаш боўтай — не адарвецца.
Але, на маё няшчасце, яно такі адарвалася. I якраз жа ж у мяне.
Хацеў я маме памагчы: прынесці трохі вады.
Можа, я лішне боўтаў, а можа, вядро было прыкавана слаба. Але толькі зачэрпаў я, пачаў круціць калаўрот, аж чую — вельмі лёгка ланцуг ідзе. Паглядзеў, а вядра і няма.
Крыўдна мне зрабілася. Маме не памог, а бяды нарабіў.
Як жа ж будзе? Без вады ж застанецца ўся наша вуліца.
Падышлі суседкі, але ніхто нічога не можа зрабіць без майго таты. А ён на цэлы дзень у горад паехаў. Павёз калгасныя памідоры. Ён шафёр. Тут якраз вуліцаю ішла наша другая машына. Везла калгасніц на сенакос. Усе ў квяцістых сукенках, у белых хустачках. Вясёлыя. I, вядома ж, прыпыніліся каля нас. Усім жа хочацца папіць і з сабой узяць нашай вады.
— Стасік! — закрычалі з машыны.— Частуй вадою!
Я стаяў, унурыўшы галаву, гатовы заплакаць.
Тут выбегла з хаты мама і спалохалася:
— Што такое?
— Вядро ўпусціў.
— Яно ж прыкаванае было.
— Адкавалася.
З кабіны вылез шафёр.
— Падумаеш, бяда! — засмяяўся ён. — Не гаруй, Стась. Мы яго як бач дастанем.
Ён узяў прут з кручком на канцы і пачаў вадзіць па дне. Кручок бразгаў па вядры, але ніяк не мог падчапіць за восілку.
Вадзіў-вадзіў шафёр доўгім прутам і не мог даць рады. Вада ўжо зрабілася цёмнай і каламутнай. I як усе ні прыглядаліся — не маглі ўбачыць дна.
Стаўшы на дыбачкі, зірнуў у калодзеж і я. I ў тую ж хвіліну ўспомніў, што ёсць у мяне памочнік.
— Я ведаю, хто паможа дастаць вядро!
— Хто? — спытаўся шафёр.
— Зайчык! — сказаў я.
— Які зайчык? — спытала мама. I ўсе засмяяліся.
— Штукар ты, брат,— сказаў шафёр.
Я кінуўся ў сенцы. Знайшоў у каморцы сваё паліто і доўга абмацваў кішэні. Што такое? Куды ж ён мог прапасці? Нарэшце намацаў-такі, у самым нізе за падкладкаю. Гэта быў асколачак люстэрка. З ім я любіў гуляць, а ў сонечныя дні пускаў зайчыкі. Навядзеш яго, і зайчык куды хочаш праб’ецца.
Калі я падбег са сваім асколачкам і навёў яго на ваду, усе здзіўлена паглядзелі на мяне. А зірнуўшы ў калодзеж, радасна закрычалі:
— Глядзіце, глядзіце!
— Напраўду, дно відаць, — сказала мама.
— А вунь і вядро ляжыць! — I шафёр, нацэліўшыся, крукам падчапіў яго.
Мой тата зноў прыкаваў вядро, і цяпер смела чэрпаюць ваду ўсе. Калі ж яно і адарвецца, дык невялікая бяда. У нас ёсць памочнік: зайчык-вадалаз.
1959