Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
12. Самы вялікі кашалёк
Грошык урачыста аб’явіў:
– А цяпер, Яначка, твае запытаначкі скончыліся. Я правяду экзамен: што ты запомніў з маіх урокаў, якія твае фінансавыя веды?
Янка крыху напалохаўся. Прывык пра ўсё распытваць у Грошыка, а цяпер самому трэба адказваць. Пра што ж гэты чарадзей запытае?
Грошык зрабіў так, як школьны настаўнік. Расклаў на стале білеты і загадаў:
– Цягні!.. Выбірай любы!..
Янка адзін міг паўзіраўся ў паперкі з нумарамі і ўзяў з лічбай, колькі гадоў і яму, – дзесяць.
– Добра, даю табе дзесяць хвілін падумаць і будзеш адказваць, – патлумачыў Грошык і ўключыў джыпіэс, які адсочваў думкі вучня.
Янка прачытаў заданне білета: “Хто валодае самым вялікім кашальком у краіне? Адкуль бяруцца грошы ў тую скарбонку, як і хто іх траціць?” Задумаўся. Пачаў разважаць.
Пра гэта нібыта ніколі не гаварылі з Грошыкам. Пра кашалёк сямейны і Янкаў асабісты вялі гаворку. Абмяркоўвалі, як эканоміць грошы, як іх вырошчваць у банку. Янка ведаў пра крэдыты, пластыкавыя карткі, аблігацыі, інвестыцыі. Бачыў, як робяць грошы. Быў у музеі банка “Грашовы куб”. Цікава, а ў каго ж самы тоўсты кашалёк, хто ім валодае?
Янка зірнуў на спакойнага Грошыка і пазайздросціў яму: “От бы займець такі ж як у яго таямнічы кошык. Націснуў кнопку – і слухай гатовенькі адказ.”
Цяпер Янка зразумеў, што ў жыцці не заўсёды ёсць казачныя кнопкі. Трэба думаць сваёй галавой. Трэба самому шукаць і знаходзіць адказы на ўсе пытанні.
– Ну, Янка, дзесяць хвілін прайшлі. Слухаю цябе, – сказаў Грошык і пільна зірнуў у вочы свайму вучню.
Янка напружыўся, гарачым цяплом ахутаўся ўвесь твар, і ён пачаў мысліць:
– Я так думаю, няма такога чалавека, які б меў вялізны кашалёк і валодаў усімі грашыма адзін. Нават багацей, мільянер ці мільярдэр, не можа захапіць увесь капітал.
Грошык маўчаў, але Янка адчуў, што настаўніку падабаецца яго роздум. Ды ўсё-такі ён чакае больш дакладнага тлумачэння. І Янка прадаўжаў:
– Калі адзін чалавек ці нават група людзей не могуць мець усіх грошай, то агульны капітал краіны знаходзіцца ў банках і ў людзей. Во ў каго самы галоўны грашовы кашалёк!
Грошыку падабалася, як яго вучань лагічна развівае сваю думку. Ён памкнуўся нешта падказаць яму, але Янка апярэдзіў:
– Я думаю так: калі ў кожнай сям’і ёсць бюджэт, то і дзяржава павінна мець свой бюджэт.
– Правільна, мой разумнік! – пахваліў Грошык свайго вучня. – Слова “бюджэт” – замежнае слова. І яно азначае – “кашалёк”, “сумка”, “скураны мех з грашыма”.
Янка ажывіўся:
– Ды я глядзеў па тэліку, як дэпутаты абмяркоўвалі бюджэт на новы год. Спрачаліся, каму болей грошай даць: ці то школам, ці то эмчээсаўцам, ці арміі…
– О, дык ты і такія перадачы глядзіш! – здзівіўся Грошык.
– Ты ж сам казаў, што твая школка сур’ёзная, рыхтуе нас, дзяцей, у вялікае жыццё.
– Ага, казаў, – пагадзіўся Грошык і хітравата ўсміхнуўся. – Калі ты такі падрыхтаваны, то падумай, з якіх грошай складваецца бюджэт краіны.
Янка пачухаў галаву, як гэта ўмее рабіць Грошык, зірнуў уверх, як бы там быў адказ, і пачаў гаварыць:
– Я думаю так. Бацькі мае плоцяць дзяржаве падаткі. І арганізацыі, дзе яны працуюць, таксама плоцяць. І ўсе так робяць. Атрымліваецца ого-го якая сума! Грошы гэтыя залічваюцца ў бюджэт краіны. Яшчэ туды ідуць усялякія пошліны, інвестыцыі, арэнды. А банкі спрыяюць, каб грошы выгадна працавалі. Прыклад ва ўсім паказвае банк “Грашовы куб”.
Грошык аж запляскаў у ладкі.
– Выдатна!.. Цябе можна запісваць у фінансісты, эканамісты, банкіры…
Янка сарамліва пачырванеў:
– Мне яшчэ вучыцца і вучыцца…
– Дык вось што, – прапанаваў Грошык. – Я гатоў прадоўжыць урокі з табой па грашовай адукацыі. А за твой сённяшні адказ па дзясятаму білету стаўлю табе вышэйшую ацэнку – дзесяць.
Грошык паціснуў Янку руку, уручыў падпіску на “Вясёлку”, патлумачыў:
– Увесь 2016 год, з нумара ў нумар, буду весці грашовую азбуку ад А да Я. Не прапусці заняткі!..
Уладзімір ЛІПСКІ