Марымба і сямейства ўдарных інструментаў
Маленькая сімфонія
Група ўдарных інструментаў – чацвёртае сямейства ў сімфанічным аркестры. Найбольш выкарыстоўваюцца літаўры – велізарныя медныя катлы, абцягнутыя жывёльнай скурай. Музыка б’е па скуры спецыяльнай палкай, і мы чуем вельмі нізкі гук. Апроч літаўраў, у сямейства ўдарных уваходзяць малы і вялікі барабаны, талеркі (мабыць, кожны бачыў іх у ваенным аркестры на парадзе), трыкутнік (інструмент складаецца з дзвюх серабрыстых палачак: адна – доўгая і выгнутая ў форме трыкутніка, а другая – кароткая, ёй музыка пастуквае па баках першай, а нам здаецца, што гэта адламаўся кавалачак ледзяша), ксілафон (гэта радок драўляных або металічных пласцінак, якія выкладзены ад больш доўгіх да кароткіх; ад даўжыні пласціны залежыць вышыня гуку, а сам гук – сухі і звонкі).
А вось марымба, бадай, самы прыгожы інструмент з роду ўдарных. Яна, як і ксілафон, складаецца з металічных пласцін, толькі пад імі зроблены тоўстыя трубкі, праз якія праходзіць гук. Музыка іграе стоячы, а для ўдараў па пласцінах выкарыстоўвае спецыяльныя палачкі, абвязаныя мяккімі ніткамі. Марымба большая за ксілафон і значна прыгажэйшая: гучанне яе лагоднае, пяшчотнае, непаўторнае, яно напаўняе сэрцы святлом і радасцю.
Шаноўны дружа! Ты прачытаў апошнюю частку “Маленькай сімфоніі”. Як бачыш, кожны з інструментаў сімфанічнага аркестра па-свойму цікавы і прыгожы, кожны з іх падкрэслівае нешта асаблівае ў неабдымным свеце музыкі. Жадаю табе чуць музыку ва ўсім! Можа, і ты калі-небудзь створыш новы цудоўны інструмент, пра які будуць складаць казкі і апавяданні. А можа, пойдзеш у музычную школу і станеш выдатным музыкам?
Да новых сустрэч на старонках “Вясёлкі”!
Вальжына ПРОХАРАВА