Боты-боцікі
П’еса-казка
Дзейныя асобы:
Дзед, баба, унучка, унучак, Мядзведзь, Ліса, Заяц
СКАМАРОХ. Жылі-былі дзед ды баба. У іх былі ўнучка і ўнучак. Але не мелі на восень абутку ні дзед, ні баба, ні ўнукі – знасілі за лета, амаль босыя ходзяць!
УНУЧКА (з гонарам). Пабач, якая дзірка! (Паказвае ўнучку туфлік).
УНУЧАК. У мяне большая, во! (Паказвае чаравік).
БАБА. А ў мяне? Пабач, дзед! (Паказвае боты).
ДЗЕД. Хэ! У мяне большая! (Паказвае чобаты).
БАБА. Чым ты хвалішся? Зіма блізка, а ён дзіркамі хваліцца. Едзь у горад ды купляй нам усім новы абутак! Сабе – чобаты, мне – боты, унучку – чабоцікі, а ўнучцы – боцікі!
ДЗЕД (дастае з халявы нататнік, запісвае). Чобаты, боты, чабоцікі, боцікі… Эх, неахвота, але давядзецца ехаць. (Выходзіць.)
СКАМАРОХ. Дарога ў дзеда няблізкая: дзесяць вёрст пехам па лесе ды дзесяць да горада на аўтобусе. Уга, не хутка дзед вернецца. Але добра, што ў лесе не засумуе, сустрэне там сваіх верных сяброў. А сябры ў яго і Мядзведзь, і Ліса, і Заяц. Воўк, і той яму таварыш!
Дзед ідзе па лесе, напявае. На пярэднім плане пянёк, на пні – мяшэчак.
ДЗЕД (падымае мяшэчак). Во! Нехта грошы згубіў. (Развязвае завязку, зазірае, прынюхваецца). Тытунь! Дальбог, тытунь! Мабыць, нейкі курэц згубіў. Сядзеў на пні, курыў, а потым пайшоў, а тытунь забыўся. (Сядае на пянёк). А я вось ніколі не курыў… Баба не дазваляла. (Чухае патыліцу.) А што, каб самому паспрабаваць? Бабы няма, баба не ўбачыць. (Вымае з халявы нататнік, адрывае лісток, сыпле на яго тытунь, няўмела скручвае цыгарку, дастае з кішэні запалкі.)
З’яўляюцца Мядзведзь, Воўк, Ліса і Заяц.
ЗВЯРЫ (у адзін голас). Дзед, што ты хочаш рабіць?!
ДЗЕД. Як што? Курыць! (Працягвае мяшэчак.) Частуйцеся, дарагія, тытуню на ўсіх хопіць.
Звяры палохаюцца, абураюцца, аж на пяць крокаў адбягаюцца ад дзеда.
МЯДЗВЕДЗЬ. Вой, дзед, не куры. Хто курыць – у таго не будзе мядзведжага здароўя!
ДЗЕД. А навошта мне мядзведжае? Я ж не мядзведзь.
ВОЎК. Ведай, дзед: хто курыць – той хутка не бегае!
ДЗЕД. А навошта мне хутка? Я ж не воўк.
ЗАЯЦ. Дзед-дзед, курцы далёка не скачуць!
ДЗЕД. А навошта мне скакаць? Я ж не заяц.
ЛІСА. Дзядусь, курыць ужо не модна!
ДЗЕД. А я за модай не ганюся. (Устае з пянька.) Хадземце, няма калі мне.
МЯДЗВЕДЗЬ. Не пойдзем мы з табою, нас сарокі засмяюць!
ЛІСА. Скажуць: вунь, разам з курцом курцовы сябры ідуць!
ДЗЕД. Не пойдзеце? А яшчэ сябрамі завяцеся! (Прыпальвае самакрутку, адчайна пыхкае дымам).
МЯДЗВЕДЗЬ. Эх, дзед, не курыў бы! Мы табе не ворагі, паслухайся нас.
ДЗЕД. І не падумаю.
ЗАЯЦ (адцягвае за лапу мядзведзя ўбок, шэпча на вуха). Хадземце да бабы, бабе раскажам, бабу, нябось, паслухае!
ДЗЕД (дастае з кішэні гадзіннік, спалохана). О, трэба спяшацца, а то не паспею, крама зачыніцца! (Подбегам рушыць па палянцы, але раптам спыняецца, хапаецца за сэрца і хутка дыхае). Усё, не магу хутка ісці. (У роспачы.) Не паспею ў краму, баба з унукамі ўзімку босыя будуць бегаць!
МЯДЗВЕДЗЬ (рашуча). Давай, дзед, грошы, мы паспеем, у нас задышкі няма, мы тытунь не курылі!
ДЗЕД (горка). Вы ж дзікія, лясныя, вам абутку ў горадзе не прададуць.
ЛІСА. А ў мяне там, у абутковай краме, знаёмая Барсучыха працуе, прададуць!
Дзед дастае з халявы нататнік, з-за пазухі кашалёк, падае Мядзведзю.
МЯДЗВЕДЗЬ. Сядзі, дзед, тутака, чакай, мы не забавімся.(Звяры выбягаюць).
ДЗЕД (сядае на пянёк) Які сорам! Што я бабе скажу, што я ўнучцы скажу, што я ўнучку скажу! (Плача.)
СКАМАРОХ. Сумны канец у нашай казкі атрымліваецца. Ну, але дзед сам вінаваты, трэба было слухацца сяброў. Бачыце, як перажывае, што глупстваў нарабіў? Малыя дзеці, і тыя ведаюць што гэта шкодна і брыдка. Але ён, канечне, болей ніколі гэтак не будзе. (Да дзеда.) Не будзеш, дзед, болей?
ДЗЕД. Вой, не буду, браце! І іншым накажу.
СКАМАРОХ (у залу). І мы не будзем надта журыцца. Дзедавы сябры ўвішныя, паспеюць у краму, купяць тыя боты-боцікі, чобаты-чабоцікі ды дзеду прынясуць. А ён бабе з унукамі аднясе. Дзед бабе нічога не раскажа, няхай баба не ведае дзедавага сораму, навошта ёй? Тады і наступіць нашай казцы вясёлы канец. А пакуль што бывайце здаровыя, мае даражэнькія!
Заслона.
Мікола Захаранка