Арцёмка і яго сябры
Шмат клопатаў у Арцёмкі на дачы. Найперш – назіраць за бусламі. Адразу за агароджай на дрэве зроблена буслянка. Зранку і да позняга вечара тут кіпіць работа. Калі Арцёмка прыязджае на канікулы, у гняздзе ўжо паяўляецца двое, а то і трое маладых буслянят. Пацешна глядзець, як яны вучацца лётаць: стануць на край буслянкі і доўга не адважваюцца скокнуць уніз. Але бацькі ім строга выгаворваюць за нерашучасць – незадаволена клякочуць, а калі і гэта не дапамагае, то проста выпіхваюць іх з гнязда. Арцёмка бачыў гэта на ўласныя вочы. Падаючы, маладыя буслікі пачынаюць сутаргава махаць крыламі, спыняюць падзенне і нават крыху набіраюць вышыню. Але далёка ляцець яшчэ баяцца: зрабіўшы круг, вяртаюцца ў гняздо. А праз нейкі час урок гэты паўтараецца. І з кожным днём палёт маладых буслоў становіцца ўсё больш упэўненым.
Летась тут ледзьве не здарылася бяда. Раніцаю, як звычайна, Арцёмка прыбег у альтанку, каб паназіраць за бусламі. Але ў той дзень яны паводзілі сябе неяк нязвыкла: кружылі вакол дрэва, то апускаючыся амаль да самай зямлі, то зноў набіраючы вышыню, і ўвесь час трывожна клекаталі. Падышоўшы бліжэй, Арцёмка ўбачыў, што ў траве пад дрэвам бездапаможна трапечацца малое бусляня. Напэўна, неасцярожна крутнулася і выпала з гнязда.
Арцёмка паклікаў дзеда. Удваіх яны ўважліва агледзелі перапалоханае, насцярожанае бусляня. На шчасце, ні крылцы, ні лапкі ў яго не былі пашкоджаныя. Аднак самастойна вярнуцца ў гняздо птушаня не магло: ці то балюча ўдарылася, ці яшчэ не хапала сілы.
Дзеду з Арцёмкам самім рады даць не ўдалося. Залезці на высокае дрэва яны не змаглі, а такой лесвіцы, каб яна дастала аж да буслянкі, у іх не было. Тады дзядуля пазваніў мясцовым ратавальнікам. Тыя прыехалі на машыне з кранам і за некалькі хвілін даставілі няўдачлівую малечу ў гняздо.
Калі машына паехала, Арцёмка з дзедам яшчэ доўга сядзелі ў альтанцы і назіралі за бусламі. Спачатку бацькі незадаволена клекаталі, відаць, ушчувалі малое за неасцярожнасць. Пасля па чарзе сталі лётаць, насіць яму ежу.
– Дзядуля, а што буслы ядуць? – папытаўся Арцёмка.
– Усе чамусьці думаюць, што іх галоўная ежа – жабы, – адказаў той. – Напэўна, раней, калі вакол стаялі балоты, так яно і было. Цяпер жа багну асушылі, знайсці жаб няпроста. Таму буслы пашырылі сваё меню – сталі ўжываць розных жукоў, стракоз, конікаў.
– Конікаў? – засмяяўся Арцёмка.
– Ну, не тых, што пасуцца на поплаве, – усміхнуўся і дзядуля. – А тых, што сакочуць у траве, у бульбе. Такія зялёненькія, прыгожыя стварэнні.
– Ведаю, ведаю.
– Ну вось… Не грэбуюць буслы таксама яшчаркамі, вужыкамі, мышамі-палёўкамі. Нават ужываюць дажджавых чарвякоў. Ты, напэўна, бачыў: калі хто арэ зямлю, то следам баразною ідзе бусел – вышуквае чарвякоў. Канечне, гэта не вельмі добра, бо дажджавыя чарвякі паляпшаюць глебу.
– Значыць, нам трэба разводзіць чарвякоў. І абараняць іх ад буслоў.
– Не, буслы тут ні пры чым. Шкода ад іх мізэрная, а вось карысць – вялікая. Знішчаючы розных насякомых, яны засцерагаюць нашы агароды і сады ад шматлікіх шкоднікаў. Нездарма ж людзі буслоў любяць і шануюць, радуюцца іх суседству. Здавён лічыцца: калі побач паселіцца бусліная сям’я, то яна будзе прыносіць удачу, прыбытак гаспадарам.
– Дзядуля, а дзе буслы зімуюць?
– Яны, унучак, адлятаюць у вырай. Але там яны не ўюць гнёздаў, а птушанят выводзіць прылятаюць дадому.
– Дзядуля, а як жа яны знаходзяць дарогу?
– Як? Птушкі выдатна арыентуюцца па сонцы, па зорках. А яшчэ з дапамогай магнітнага поля зямлі. Компас у іх куды больш дасканалы, чым той, што мы з табой маем. Ляцяць птушкі звычайна чародамі. За парадкам сочыць вопытны важак. Па яго камандзе птушкі садзяцца на зямлю адпачыць, падсілкавацца, пры гэтым абавязкова выстаўляюць вартавых…
Яшчэ Арцёмка дазнаўся ад дзядулі, што маладыя шпакі, аўсянкі, зяблікі, некаторыя іншыя птушкі адпраўляюцца ў небяспечнае тысячакіламетровае падарожжа хоць і чародкамі, але самастойна, без вопытных бацькоў – тыя адлятаюць у вырай крыху пазней. А зязюлі, вальдшнепы, жаўранкі наогул ляцяць у адзіночку. Як яны арыентуюцца ў неабсяжных прасторах, беспамылкова знаходзяць месцы сваіх зімовак, пакуль дакладна невядома. Арцёмка з дзядулем прачыталі ў энцыклапедыі прыроды толькі тое, што ў птушак ёсць нейкае асаблівае чуццё, дзякуючы якому яны вызначаюць неабходныя каардынаты.
Любіць Арцёмка гутарыць з дзядулем!