Грошык і таямнічы кошык. Працяг
11. Спагадлівы Страх
– Сёння, Яначка, я пазнаёмлю цябе з дзядзькам Страхам, – загадкава падміргнуў Грошык.
Янка ўжо даўно ведае, што Грошык гатовы рабіць любыя сюрпрызы. Але каб сустракацца з самім Страхам, такога і ворагу не пажадаеш, ні то што сябру.
– Чаму замаркоціўся? – Грошык весела пімкнуў Янку па дзюбцы носа.
– Страх мяне бярэ ад сустрэчы са Страхам.
– А чаму ты баішся яго?
– Ага, ён аднойчы напусціў на мяне пчол, і яны пакусалі мяне… Ён з неба грыміць, калі навальніца… Страх у лесе жыве, заманьвае людзей у балота…
– Бачу, ты ведаеш Страха, у якога вочы вялікія, – супакоіў Грошык сябра. – А мой дзядзька Страх – добры і спагадлівы. Ён вельмі патрэбны чалавеку.
– Патрэбны? – здзівіўся Янка і даверліва зірнуў на мудрага Грошыка.
Яны зайшлі ў будынак, на якім вісеў надпіс “Страх і кампанія”. І тут жа да іх падышоў ветлівы дзядзька, у акулярах, пры гальштуку. Прыпадняў з галавы саламяны капялюш, усміхнуўся і сказаў:
– Што пажадаеце, маладыя людзі?
– Мы-ы… – хацеў тлумачыць Грошык, а пасля паправіўся. – Я прашу вас, спагадлівы Страх, патлумачыць майму сябру Янку, як можна аблегчыць страшныя страхі, якія паўсюль вартуюць людзей.
Страх запрасіў цікаўных людзей за столік, прапанаваў ім бярозавага соку. Сам прысеў і для пачатку размовы спытаў у Янкі:
– У вашай сям’і, малады чалавек, ёсць аўтамабіль?
– Фальксваген! – з гонарам адказаў Янка. – Мне тата даваў паруляваць…
– А ты, малады чалавек, калі-небудзь бачыў дарожныя аварыі?
– Ага, мы ехалі, а на шашы стаялі дзве разбітыя машыны. І міліцыянеры нешта мералі стужкай і фоткалі…
– Дык вось, малады чалавек, наша страхкампанія праводзіць абавязковае страхаванне ўсіх аўто. Праца вялізная. Таму нам падмагае банк “Грашовы куб”.
– А што такое страха-ванне? – перапытаў Янка.
Страх задаволена зірнуў на юнага кліента, яму спадабалася яго зацікаўленасць, і ён пачаў тлумачыць:
– Мы, безумоўна, не можам асцерагчы шафёраў ад аварый. Але аблегчыць трагедыю – наш клопат.
– Як гэта? – Янка ажно падскочыў з крэсла.
– А вось так, – Страх задаволена пачаў загібаць пальцы. – Уладальнік машыны заключае з намі дамову на страхаванне – раз. Плаціць пэўны ўзнос – два. Калі раптам здараецца аварыя, наша страхавая кампанія выплачвае яму грашовую кампенсацыю – тры.
– А калі нічога не здарыцца, што тады? – спытаў Янка.
– Тады мы вас віншуем. А ваш узнос застанецца ў агульнай нашай скарбонцы. І падтрымае тых, хто трапіў у бяду.
– О, дык вы, дзядзечка Страх, сапраўды, спагадлівы для вадзіцеляў.
– Ды мы для ўсіх можам аказваць паслугі. Нават для цябе, малады чалавек.
– Як гэта?
– Мы можам застрахаваць твой мабільнік, камп’ютар. Цябе самога са згоды бацькоў. Вашу кватэру, мэблю, дачу… – у Страха нават не хапіла пальцаў на руках, каб пералічыць усе віды страхавання.
Грошык задаволена слухаў урок Страха і радаваўся, што яго вучань даведаўся нешта новенькае пра ролю грошай у страхаванні.
А Страх не хацеў адпускаць ад сябе такіх зацікаўленых кліентаў. Ён падліў Грошыку і Янку бярозавіку і распавёў пра страхаванне абавязковае і добраахвотнае.
– Глядзіце, колькі машын на дарогах. Іх з кожным годам усё болей, – нагадаў Страх. – І дзяржава абавязвае ўсіх уладальнікаў набываць страхоўку. Калі хто не зробіць гэтага, даішнікі могуць такога вадзіцеля штрафаваць. Абавязкова трэба купляць страхоўкі тым, хто едзе за межы краіны.
Янка асабліва дзіваваўся, калі Страх расказваў пра добраахвотнае страхаванне. Адзін спявак застрахаваў свой голас, артыст балета – ногі, скрыпач – рукі, акадэмік – сваё здароўе.
– А я папрашу маму і тату, – паабяцаў Янка Страху, – каб застрахавалі сабачку Боньку. Яна такая маленькая, даверлівая. Баюся, каб на вуліцы ніхто не пакрыўдзіў яе, каб не згубілася.
Працяг у наступным нумары.
Уладзімір ЛІПСКІ