Восы
У пагранічным Берасці Сяргей і Марыя Васюкевічы з сямігадовым сынам Раманам рыхтаваліся сустрэць гасцей з Польшчы.
Цягнік “Варшава – Мінск” прыбыў яшчэ зацемна. З вагона на перон высыпалі дзве сям’і: пан Мар’ян з жонкай Вандай і дачкой Гражынай і пан Ірэн з жонкай Чэсяй і сынам Вальдэкам.
Дома Сяргей і Марыя ласкава запрасілі гасцей за стол, пажадалі “смачна есці” і ў адказ пачулі знаёмае “дзенькуемы” і “смачнэго”! Толькі пачынала днець, малы Раман яшчэ спаў у сваім пакоі.
У кватэры было горача, і гаспадар прачыніў фортку. Свежае паветра бадзёрыла здарожаных гасцей. Але калі яны пачалі частавацца, аднекуль з’явілася аса і няспешна закружылася над сталом перад самым носам чырванашчокай і рахманай пані Ванды. Не паспела яна адбіцца ад адной, як да яе галавы спікіравалі яшчэ тры злосныя і назойлівыя асы. У той жа час з форткі да стала з пагрозлівым гудам ляцеў цэлы асіны вывадак.
– Што гэта?.. Адкуль яны?.. – гаспадар і гаспадыня зіркалі адно на аднаго.
– О свенты Езус! – адмахваючыся, усклікнула пані Ванда.
– Матка Боска! – падпявала ёй пані Чэся, угінаючы галаву і ўцякаючы з-за стала.
Гаспадар адчыніў акно, а гаспадыня ўзброіла ўсіх – каго ручнікамі, каго лахманамі, каго газетамі, і ўсе гуртам пачалі выганяць агрэсіўных насякомых. Ад вялікага ажыўлення ў кватэры прачнуўся Раман.
– Сын, можа, ведаеш, адкуль наляцелі да нас восы? – запытала ў яго маці.
– Ведаю, – сказаў Раман. – Учора я ў падмурку нашага дома забіў шчыліну, што вядзе да асінага гнязда.
Ён хуценька апрануўся і пайшоў здымаць блакаду з таго самага гнязда. Гаспадар на ўсялякі выпадак зачыніў акно і фортку.
Вясёлыя госці ўсаджваліся за стол. Ім вельмі спадабаўся такі незвычайны пачатак застолля, пра што, вярнуўшыся дамоў, яшчэ доўга распавядалі сябрам.
Васіль Жуковіч