Пра Вадзяніка і таямнічую русалку
Рыбак сядзеў на валуне, што немаведама з якіх часоў ляжаў на беразе глыбакаводнай вірлівай рэчкі. З задавальненнем удыхаў вільготны пах летняга досвітку і ўжо наважваўся закінуць вуду, як раптам вада ў рацэ ўспенілася…
– Э-э-э, – пачуўся глухі старэчы голас. – Пачакай, не закідвай. З рыбаю я табе дапамагу, а зараз гаворка да цябе ёсць.
– Цьфу ты! – перапуджана ўскрыкнуў рыбак і падняўся з валуна. Адступіўся назад, далей ад вады.
– Ды не палохайся ты, чалавеча! Для кагосьці я – Вадзянік, страшыдла хвастатае, а для цябе э-э-э…
– Ага, дружбак, – уздыхнуў рыбак.
– Дружбак – не дружбак, – з вады на імгненне вынырнуў тоўсценькі дзядок з зялёным тварам і доўгай барадою, увесь аблеплены водарасцямі. – І ўсё ж… Не бойся! Сядай на ранейшае месца. Пагамонім.
– А я і не баюся, – адказаў рыбак. – У мяне во торбачка з попелам ёсць. Попел жа – абярэг ад вас, нячысцікаў.
– Кхе-кхе, справа не ў абярэгу. Ты мяне пазамінулым летам, калі хваля на бераг вынесла, назад у ваду ўкінуў. За тое я табе ўдзячны. Ну, не стой, сядай на камень.
І рыбак сеў. А з вады тым часам чулася:
– Паглядзі на Кавалёвы мост. Туман з яго споўз і што ты там бачыш?
Рыбак міжволі прыўзняўся:
– Божа, ды там жа русалка! На парэнчах сядзіць, доўгія зялёныя валасы ў ваду звесіла.
– Гэта мая дачка, – сказаў Вадзянік. – Але яшчэ дзве русалкі пры мне жывуць. Адна зусім маладзенькая. Ззаду, за тры крокі ад цябе, на бярозе гушкаецца. Кацянятка дзесьці знайшла і ўжо не адну гадзіну з ім бавіцца.
Рыбак азірнуўся, але нічога між голля на бярозе не пабачыў. А Вадзянік працягваў:
– Дык ты чуеш мяне, рыбак? Пра трэцюю русалку ў цябе запытацца хачу. Можа, ты што-небудзь ведаеш пра яе, можа паданне якое чуў? Шмат гадоў яна жыве ў маіх водах са сваім вадзянёнкам і нічагусенькі пра сябе не расказвае. Толькі смутак вялікі ў сабе носіць, таямніцу глыбокую.
Рыбак задумаўся, але доўга не затрымаўся з адказам:
– Ды рознае людзі, відаць, пра гэтую самую русалку расказваюць. Дзяўчына некалі ў нашай вёсцы жыла, Паланечкай яе звалі. Каваля мясцовага кахала, і ён яе кахаў. Да шлюбу рыхтаваліся.
– Напэўна, і мост гэты той каваль зладзіў? – адазваўся Вадзянік.
– Не, мост сяляне пабудавалі. А каваль толькі парэнчы выштукаваў. Але мост пачалі называць Кавалёвым. Самога ж каваля ў суседнюю вёску запрасілі, каб і іхні мост такімі ж парэнчамі ўпрыгожыў, а потым і ў яшчэ адну вёску, і ў яшчэ адну… Адным словам, затрымаўся каваль. Ну, а Паланечка чакала, чакала яго і ў нейкі момант не вытрымала, знудзілася вельмі. Узбегла на мост і кінулася ў рэчку, у самае вірлівае месца…
– Ага-а, дык я, напэўна, таго каваля калісьці бачыў, – адгукнуўся Вадзянік. – На мост гэты прыходзіў. Да яго і русалачка наша са сваім вадзянёнкам з ракі выйшла. Нешта сказала яму і ён пярсцёнак з кішэні дастаў, у ваду ўкінуў. Той пярсцёнак пасля русалка на дне знайшла, але на пальцы яго не насіла, на шыю павесіла. А вось што яна сказала кавалю, для мяне гэта загадка. Таму што больш ніколі-ніколі на мост каваль не прыходзіў.
– Ат, – махнуў рукою рыбак. – Ніякай загадкі няма. З дзяўчынаю на мосце сустрэцца можна, а з русалкаю не кожны асмеліцца. Міргнуць не паспееш – у ваду ўцягне.
У гэты момант уздыбілася рака. Пырскі вады каля моста ўзляцелі ўверх фантанам.
– О-о, – тут жа адазваўся Вадзянік. – Мая дачушка дадому вярнулася, саскочыла з моста. А вось і другая вяртаецца…
І тут жа рыбака абдало моцным холадам. Побач прабегла прыгажуня з доўгімі зялёнымі валасамі ў празрыстай белай сукенцы з чорным, што вугаль, кацяняткам у руках. Яна кінулася ў ваду і адразу схавалася ў рачных глыбінях.
Рыбак ускочыў з валуна, схапіў вуду і мяшок для рыбы, хацеў кінуцца ў блізкія чараты. Але яго спыніў голас:
– Ну, куды ж ты, рыбак? Закідвай вуду, я абяцаў табе дапамагчы з рыбай.
І рыбак вярнуўся, закінуў вуду… Ён ужо выцягваў з вады – вялізнага-вялізнага шчупака, калі раптам з ракі, з самага яе дна пачулася гучнае верашчанне русалак і дзікі кашэчы енк. Там адбывалася штосьці неверагоднае, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Раіса БАРАВІКОВА