Пра Арынку і козачку Зорачку
У свае шэсць гадоў Арынка бачыла самых розных жывёл. Часта з татам і мамай дзяўчынка хадзіла ў цырк, двойчы наведвала заапарк. А многіх свойскіх жывёл і птушак сустракала ў Надзейкавічах – роднай вёсцы бацькоў.
Вось толькі коз Арынка не бачыла ні разу, хоць казку пра козачку, якая “бегла праз масток, схапіла кляновы лісток”, слухаць любіла. Сёлета ж дзяўчынка асабліва чакала паездкі ў вёску, бо дазналася, што суседка, бабуля Надзя, купіла сабе коз. Аказваецца, іх малако вельмі карыснае.
Калі прыехалі ў вёску, Арынка адразу пабегла да суседкі. Бабуля Надзя ўзрадавалася гарадской госці і павяла паказваць сваю гаспадарку. За хатай пасвіліся дзве дарослыя і тры маладзенькія козачкі. Арынка ўпадабала адну з іх, самую маленькую, з плямкай на лбе. I тут жа дала козачцы мянушку – Зорачка.
Да вечара не магла нацешыцца Арынка гульнямі са сваёй новай знаёмай. Спачатку Зорачка пабойвалася дзяўчынку, а потым прывыкла і смела падыходзіла да яе, дазваляла сябе пагладзіць. А ўвечары бабуля Надзя падаіла дарослых козак і пачаставала Арынку свежым малачком.
– Пі болей, – прыгаворвала бабуля, – будзеш дужай і прыгожай, хутчэй вырасцеш!
Кожны дзень Арынка гуляла з козамі, якія пасвіліся каля невялікай рэчкі Дабрыцы. I вось аднойчы яе любімая Зорачка незнарок увалілася ў рэчку. Арынка замітусілася каля берага, не ведаючы, як дапамагчы малечы. Але хутка скеміла: з усіх ног кінулася ў двор да бабулі Надзі. Тая паклікала на дапамогу суседзяў. Гуртам выратавалі Зорачку. Усе хвалілі Арынку.
– Малайчына! – казала бабуля і ласкава гладзіла дзяўчынку па галаве. – Калі б не ты – дрэнна б давялося нашай Зорачцы!
Пасля таго бабуля сама прыносіла штодзень свежага малачка для Арынкі.
Міхась СЛІВА