Падарожжа маленькай кропелькі
За вёскай, на ўскрайку лесу, было невялічкае балота. Буслы любілі бавіць тут час у пошуках жаб. А жаб было і сапраўды ў гэтым месцы вельмі многа. Яны ўвечары вылазілі на купіны і распачыналі сваё кваканне. Квакалі яны вельмі цудоўна. Рознымі галасамі, працяжна і на любы манер. Маленькая кропелька з захапленнем слухала іх і ёй здавалася, што ніхто лепей спяваць не можа. Кропля жыла побач у прыбярэжным чароце. У яе было многа сябровак, але яны не цікавіліся спевамі. І кропелька заўсёды сядзела адна дзе-небудзь пад лістом у прыемнай прахалодзе занятая сваімі марамі. Яна марыла аб падарожжы вакол свету. Як гэта цудоўна падарожнічаць! Вось добра хмаркам, кожны дзень яны праносяцца над іхным балотцам і ні на хвілінку не спыняюцца. Вецер нясе іх у невядомыя далі. А там столькі ўсяго цікавага! Яна нават не магла ўявіць сабе, што ж там можа быць. Што робіцца ў свеце? Што ж там за лесам? Акрамя буслаў і жаб так нічога і не бачыла ў сваім жыцці. А як бы хацелася!
І вось аднойчы, кропелька заседзелася ў сваёй хованцы і не заўважыла, як сонейка паднялося ў гару і прагнала цень з-пад лісточка. Вясёлы праменьчык заказытаў кропельку. Чаму такая сумная? Можа чым дапамагчы? І расказала тады кропелька пра ўсе свае мары. Усміхнулася сонейка лагодна і нічога не адказала. А праз хвіліну кропелька адчула, такую лёгкасць, што пачала падымацца ўверх да аблокаў. Сэрца напоўнілася радасцю. “Я лячу!” – хацелася крыкнуць. Наша кропелька ператварылася ў аблачыну, ды нават і не аблачыну, а маленькі паветраны шарык, які падняўся ў неба і далучыўся да невялічкай хмаркі.
Зверху яна ўбачыла сваё балотца, жаб на купінах, буслаў у чырвоных ботах. А лес на развітанне памахаў сваімі зялёнымі галінкамі.
Плыла наша кропелька і любавалася прыгожымі мясцінамі. Бачыла яна бязмежныя палі, лугі, стужкі рэк, блакітныя азёры, зялёныя гаі і дух захапляла ад незвычайнай прыгажосці. Але радасць яе была не такой доўгай. Па дарозе сустракаліся сварлівыя хмаркі. Яны павольна плылі нізка над зямлёй і ўвесь час незадаволена пыхцелі, калі неспадзявана на іх натыкаліся другія аблокі. Ад абурэння нават мянялі колер і станавіліся чорнымі. Кропелька вельмі баялася іх, бо калі яны дужа сварыліся, то з іх нават сыпаліся маланкі і грымоты. Але гарэзлівы ветрык вельмі любіў ганяць хмаркі і натыкаць іх адна на адну, каб яны бурчэлі. А часам было і такое, што з-за мора прылятаў другі вецер, больш моцны і злосны. Ён не шкадаваў хмарак. Шпурляў іх як пушнінкі, трос і раскідваў па ўсяму небу. Нават дарослыя вялікія хмары, не вытрымлівалі і пачыналі плакаць. У такія часы маленькая кропелька вельмі сумавала па родным доме. Думала як там яе жабкі? Ці вядуць яны свае спевы без яе. Як жа ўсётакі было ёй там хораша ў родным балотцы. Там былі сяброўкі, такія ж як яна маленькія кропелькі. Ці помняць яны яшчэ яе? А самае страшнае было, тое, што кропелька не ведала дарогі дамоў. Як бы ёй не хацелася вярнуцца, яна не магла гэтага зрабіць, бо з самага пачатку свайго падарожжа не паклапацілася запомніць каардынаты роднай мясціны.
І вось у адзін з дзён, здарыўся цуд. Пасля напружанай бяссоннай ночы, ветрык прыгнаў яе хмарку к роднаму балотцу. Кропелька не магла паверыць, што гэта адбываецца на яву. Пад ёю, унізе, быў яе родны дом! Але як жа трапіць туды? Хмаркі якія плылі ззаду сварыліся і падганялі, каб плыла хутчэй і не стаяла на месцы. А малады ветрык-гарэза так і шпурляў яе наперад, не дазваляючы спыніцца ні на хвіліначку. Ад роспачы кропелька заплакала, а разам з ёй і яе хмарка. Буйныя кроплі паляцелі ўніз а з імі і наша кропелька. Яна ўпала якраз у той самы чарот да сваіх сябровак. Ой, як яны ўзрадаваліся ёй! І загаманілі буйнымі бурбаламі па вадзе. Дзе-была-дзе-была-дзе-была? Што-ў-свеце-што-ў-свеце-што-ў-свеце? І так да раніцы. А ў дзень наша кропелька ўжо сядзела пад лісточкам і з асалодай слухала клёкат буслаў. Усё ж няма на свеце лепшага месца, чым яе балотца!
Галіна Пярун
арфаграфiя i пунктуацыя аўтара захаваны