Што смачней?
Среда, 15.07.2015 07:21. Рубрика: Вершы
Кацяняты-хацяняты,
хатнія звяркі.
Аганькі – у вачанятах,
нібы матылькі.
Кошка-мама
крошкам з крамы
Цягне спецзаказ:
“Спраўдзіцца тэлерэклама:
Будзе свята ў нас!..
Харч дарослы
час вам, дзеткі,
Спажываць ужо,
Харч не просты,
дужа рэдкі –
Зроблен за мяжой!..”
Тата ўсмешкаю
вусатай
Сведчыць: “Смаката!..”
Толькі веры кацяняты
Не даюць катам.
Кацяняты-немаўляты
Плачуць – “мяў” ды “каў”:
Кацяняты-хацяняты
Хочуць малака…
Васіль Зуёнак