Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек. Гісторыя трэцяя
Нарэшце Адарачак быў гатовы. Румзаніда налюбавацца не магла на ляльку – такая ладненькая і зграбненькая атрымалася.
– Нікому дарыць яе не буду! – надзьмулася прынцэса. – Мне і самой яна падабаецца!
– Ну, няхай сабе, – засмяялася Майстрыца Залатыя Рукі, – першую ляльку і праўда пакінь сабе! Але ж запомні на будучае: калі дорыш – не страчваеш, а набываеш, багацейшай становішся.
– Як гэта? – дзівіцца прынцэса.
– А сама падумай! Чым больш лялек зробіш – тым спрытнейшай майстрыцай станеш, гэта раз. А два – радасць, іншаму падораная, да цябе нечым добрым вернецца!
– Не можа быць! – не верыць Румзаніда.
– А ты паспрабуй, – падахвочвае яе Майстрыца Залатыя Рукі.
– І паспрабую! – Румзаніда ўзяла новую анучку. Пальчыкі прынцэсы помняць, як першую лялечку звівалі, раз-два – і новы Адарачак гатовы!
Але вось жа бяда – і гэтай лялькі шкада Румзанідзе! Усё ж яна сваю спінку гнула, свае ручкі выкручвала, пакуль яе рабіла… Але ж і даведацца карціць, ці праўду сказала Майстрыца Залатыя Рукі. Вось і падарыла Румзаніда Адарачак Майстрыцы. І сказаць не забылася:
– Дзякуй, што мяне прытулілі, накармілі і ляльку рабіць навучылі!
Простыя словы, а для прынцэсы, якая толькі камандаваць і капрызіць дагэтуль умела – зусім не звычайныя, бо першы раз у жыцці яна дзякавала! І – дзіва дзіўнае! Так на душы радасна стала, што Румзаніда заўсміхалася – таксама ці не першы раз за сваё прынцэсінскае жыццё!
Майстрыца Залатыя Рукі ляльку прыняла, на бачнае месца ў пакоі прыстроіла, цешыцца разам з Румзанідай.
– За такі Адарачак і я табе аддзячу, – кажа. – Навучу яшчэ адну ляльку рабіць, Дзесяціручку.
Разгубілася Румзаніда. Яна ж думала, што першая лялька ёй адразу дарогу ў Цёмны лес адкрые – а тут яшчэ сядзі ды майструй! А Майстрыца Залатыя Рукі кажа:
– Ах, прынцэса, прынцэса! Слова гнеўнае хутка прамаўляецца – а выпраўляць тое, што яно паспее нарабіць, часам усё жыццё даводзіцца. Таму наперад добра думаць трэба, перш чым ножкамі тупаць! З адным Адарачкам у Цёмны лес ісці нельга, прападзеш!
– Дык час жа ідзе! Я і так ужо тут дзень змарнавала, – засмуцілася Румзаніда.
– Запомні, прынцэса, – кажа Майстрыца Залатыя Рукі. – Той, хто вучыцца, час не марнуе і дні не губляе – толькі набывае!
– Як гэта? – дзівіцца прынцэса.
– Пасля зразумееш. А цяпер сапраўды досыць за размовамі час марнаваць, сядайма за працу!
Алена Масла