Выратаванне ластаўкі
Урывак з аповесці “Арцёмкавы канікулы”
Была нядзеля. На дачы ў гэты дзень нічога не рабілі: бабуля не палола грады, дзядуля не браўся за свае інструменты. Арцёмку ж сядзець і нічым не займацца сумна. Таму ён падышоў да дзядулі і прапанаваў з’ездзіць паназіраць за ластаўкамі-беражанкамі. Дзед ахвотна падтрымаў унука. Яны асядлалі веласіпеды і пакацілі. Джэк, як заўсёды, дробненька перабіраючы лапкамі, бег наперадзе.
Пад’язджаючы да азярца, Арцёмка і дзядуля яшчэ здалёк убачылі, што там адбывалася нешта незвычайнае. Вялікая чарада ластавак кружыла на адным месцы і шумна, трывожна крычала.
– Што гэта з імі? – запытальна паглядзеў на дзядулю Арцёмка.
– А хто яго ведае… Вось зараз пад’едзем бліжэй – убачым.
Аказалася, птушкі кружылі не над вадаёмам, а над вялікай чорнай лужынай смалы.
– Дзядуля, дзядуля! – усхваляваны Арцёмка паказаў рукою на лужыну. – Там ластаўка!..
Дзед прыгледзеўся – і праўда: бедная птушка завязла кіпцікамі ў смале, біла адчайна крылцамі, стараючыся вырвацца з гібельнага палону, але гэта ёй не ўдавалася.
– Ай-яй-яй… – забедаваў дзядуля. – Трэба ластаўку тэрмінова ратаваць, інакш смала яе засмокча.
На шчасце, паблізу ляжала шырокая дошка. Дзед Жэня падняў яе і адным канцом паклаў на смаляную лужыну, бліжэй да птушкі. Хуценька, пакуль дошку не засмактала, падышоў да ластаўкі і асцярожна, каб не пашкодзіць лапкі, вызваліў яе са смалы. Худзенькае цельца птушкі дробна дрыжэла ад перажытага страху.
– Не бойся, мая харошая, – гладзіў ластаўку па галоўцы расчулены Арцёмка. – Мы цябе не пакрыўдзім. Не бойся…
Ластаўка ў цёплых дзядулевых далонях паціху супакойвалася. Але ж адпускаць яе пакуль нельга: на лапках наліплі камякі смалы.
– Арцёмка, схадзі да веласіпедаў, там на маім багажніку, у пакеце, ёсць палатняная сурвэтка. Прынясі яе хуценька сюды.
Пачалі выціраць смалу сурвэткай. Ластаўка зноў устрывожылася, затузалася – відаць, ёй было балюча. Тады дзед Жэня і Арцёмка сталі сваім дыханнем грэць смалу, каб яна лягчэй выціралася з лапак. I гэта ім, здаецца, удалося, бо птушка зноў супакоілася.
– Ну вось і ўсё, – з палёгкай сказаў дзядуля, прыдзірліва аглядаючы сцішаную ластаўку. – Канечне, добра было б яе лапкі прамыць яшчэ бензінам, але, думаю, рэшткі гэтай смалы не будуць перашкодай.
Дзед Жэня выцягнуў руку перад сабою і раскрыў далонь:
– Ну што, гаротніца, ляці!
Ластаўка нейкае імгненне яшчэ пасядзела на далоні, нібы не верачы сваёй волі, а потым узмахнула крыламі і рэзка набрала вышыню.
Чарада птушак, якія ўвесь гэты час устрывожана кружылі над імі, радасна кінулася следам за выратаванай ластаўкай.
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ