Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
2. Хітрая скарбонка
Пад Новы год Грошык падарыў Янку дзівоснага зялёнага слоніка. І папярэдзіў:
– Гэта не цацка, а скарбонка. Твой таямнічы кошык для грошай.
Пачаў Янка разглядаць падарунак. І праўда: на спіне слоніка – доўгая шчылінка. Зазірнуў туды, а там – цемра, загадкавая цішыня. І як бы чуецца нечы голас: “Мне адзіно-о-ка –а. Падмажы-ы!..”
– Бачыш, твой грашовы кошык пусты. Яму сумна.
– А давай я пакладу туды свае грошы, – прапанаваў Янка.
– Дзе іх узяў?
– Тата даў. Дзядуля даў. Вось мой капітал, – Янка дастаў з кішэні джынсавікаў грашовыя паперы.
– О, ды ў цябе розныя купюры.
– Ага, і соткі, і тысячы.
– Кідай іх у скарбонку! – загадаў Грошык.
Як толькі Янка апусціў апошнюю купюру ў адтулінку, слонік весела затрубіў. Вочы яго адкрыліся. А хобат узняўся ўгору. Вось гэта цацка!
Цікава, а як забраць цяпер грошы са скарбонкі?
Янка пачаў абследаваць зялёнага слоніка. І адкрыў тайну. Аказваецца, трэба адкруціць левае вуха. Як толькі Янка хацеў гэта зрабіць, слонік заплюшчыў вочы і з іх пакаціліся буйныя слёзы. Слонік плакаў.
Янка пабег да таты, мамы і ўсё расказаў ім. Тата мудра патлумачыў:
– У цябе, сынок, вельмі хітрая скарбонка. Калі ў яе хаваеш грошы, яна радуецца, калі забіраеш – плача.
– Чаму так? – зацікавіўся Янка.
– А таму, што грошы – гэта не цацкі. Яны не для гульні, а для жыцця.
Татавы словы прымусілі Янку задумацца. І ён пачаў задаваць бацьку разумныя пытанні.
– Тата, вы мне даяце грошы на марожанае, на машынкі, на абеды ў школе. А хто вам іх дае?
– Нам ніхто не дае. Грошы мы зарабляем! Я – інжынер, мама – доктар. Нам за працу выдаюць зарплату.
– І вы кладзяце свае грошы ў скарбонку?
Мама падтрымала цікавую размову:
– Ага, Яначка, ты наша скарбонка. Цябе трэба прыгожа і цёпла адзець, абуць. Смачна накарміць. Купіць табе цацкі, кніжкі…
– А яшчэ з табой трэба схадзіць у басейн, кіно, магазін, на атракцыёны ў парк, – падтрымаў маму тата і дадаў: – Ды ўсюды – білецікі, чэкі, квіткі. За іх патрабуюць грошы.
– Дык давайце вашы грошы ў маю скарбонку. Во слонік узрадуецца. Затрубіць сваю песню на ўвесь мікрараён.
– У нас, Янка, свае скарбонкі-кашалькі, – сказала мама. – А астачу кладзем у банк.
Грошык у гэты час сядзеў на шафе, за крышталёвымі вазамі, і як бы дырыжыраваў размовай. Махне ў бок таты – той гаворыць. У бок мамы – яна тлумачыць. У бок Янкі – ён нечым цікавіцца. Атрымлівалася вельмі ж карысная размова, якой раней ніколі не было.
Па падказцы Грошыка сям’я пачала рашаць адну важную задачу, пра якую Янка ніколі не думаў. Вось яна.
Тата-інжынер атрымаў за месяц дзесяць мільёнаў рублёў. Маміна зарплата – восем мільёнаў. Калі скласці ўсё разам, то гэта і будзе сямейны бюджэт, сямейная скарбонка.
– Ух ты, каб мне столькі грошай! – выгукнуў Янка і абхапіў сваю бялявую галаву абедзвюма рукамі.
– І што б ты з імі рабіў? – пацікавілася мама.
– Што, што?.. Скупіў бы ўсе цацкі ў магазіне. У прыдачу – усе цукеркі, усё марожанае. А яшчэ – усе білеты на ўсе атракцыёны ў аквапарку. Во павесяліўся б!
Тата і не супраць, каб так было, але ўзяў паперу, аловак. Намаляваў на белым аркушы прыгожую карову. На ёй напісаў: “Сямейны бюджэт”. Карова падала голас: “Му-у-у!..” Як бы казала: “Ну-у-у, пачынайце мяне даіць…”
Ад той сумы, якая складала сямейны бюджэт, тата і мама давай адымаць грошы на абавязковыя патрэбы. За кватэру трэба заплаціць, за ваду, за газ, за электрычнасць, за інтэрнэт. І гэта сума поўнасцю залежыць ад жыльцоў.
– І ад мяне? – здзівіўся Янка.
– А як жа, – сказаў тата і патлумачыў: – Ты чысціш зубы, забыўся на гэты час закрыць кран. Некалькі тысяч рублёў, лічы, паплылі ў трубу. Ты не выключыў люстру ў спальні, пабег у залу глядзець тэлевізар. Лічыльнік святла накруціў лішнія кілаваты. За іх – нам плаціць. Гэта ўсё роўна, што даіць карову не ў вядро, а на зямлю…
Янка сядзеў задуменны. Мама ўзяла слова:
– А яшчэ з нашага бюджэту трэба запоўніць халадзільнік.
Пальцаў у мамы не хапіла, каб пералічыць усё, што патрэбна купіць для сняданкаў, абедаў, вячэры.
Калі назвалі абавязковыя траты і пакупкі, сямейны бюджэт вельмі “пахудзеў”. А з яго яшчэ трэба ўзяць грошы на жаданыя пакупкі. Астачу вырашылі пакласці на захаванне ў банк.
Грошык шчаслівы, што сваёй хітрай цацкай-скарбонкай узбудзіў Янку на сур’ёзны роздум.
Былі задаволены і тата з мамай. Сын зацікавіўся сямейным бюджэтам. І зразумеў, чаму слонік плакаў і не хацеў аддаваць яму грошы. Яны ж не забава. Грошы не для гуляў. Пра гэта думаў і тата, калі прыгадаў прымаўку свайго старога бацькі:
– Багаты, калі нікому не вінаваты.
Уладзімір ЛІПСКІ