Як апранаецца зіма
Четверг, 1.01.2015 08:28. Рубрика: Вершы
Як апранаецца зіма,
Зямля здзіўляецца сама,
Бо апранае і яе
Яна ва ўборы ўсе свае.
Ледзь толькі выпадзе сняжок –
Са сховаў цягне кажушок.
І ўсім, хто холаду баіцца,
Дае валёнкі, рукавіцы.
Вушанку з пуху – для вушэй,
Каб моцны вецер сам цішэў,
І шалік, каб захутаць шыю…
Яна сама ўсе ўборы шые.
Ва ўборах тых не страшна ёй –
Усё падшыта цеплынёй.
Як толькі будзе ўсё ў цяпле –
Завеі, маразы нашле,
У шкло ўсе рэкі закуе –
Мы знаем норавы яе.
Стараецца – і не дарма –
Яшчэ перад зімой зіма.
І кажуць, што зіме самой
Бывае холадна зімой.
Казімір КАМЕЙША