Вершы Агніі Барто па-беларуску
Бычок
Ідзе бычок, хістаецца,
Бядуе: «Ай-яй-я!
Вось дошчачка сканчаецца,
Звалюся зараз я!»
Зайка
Зайку кінулі на лаўку
І забыліся у парку.
Злезці долу ён не мог
І пад дожджыкам прамок.
Конік
Коніка свайго люблю я,
Грыўку прычашу даўгую,
Шчотачкай прыгладжу хвосцік,
Паскачу да мамы ў госці.
Кот
Мы ката паспрабавалі
Пракаціць на самазвале.
Кот катацца не любіў,
Грузавік перакуліў.
Мішка
Мішку скінулі з канапы,
Мішку адарвалі лапу.
Я яго адрамантую
І цукеркай пачастую.
Самалёт
Самалёт змайструем самі,
Паляцім па-над лясамі,
Паляцім па-над лясамі,
Памахаем ручкай маме!
Слон
Ноч прыйшла, заснуў бычок,
Павярнуўся на бачок.
Мішка сон салодкі сніць,
Толькі слон яшчэ не спіць.
Ён хітае галавой:
«Добрай ночы, дружа мой!»
Наша Таня гучна плача,
Упусціла ў рэчку мячык.
Ціха, Танечка, не плач,
Не патоне ў рэчцы мяч.