Казкі дзеда Васіля
У маленстве ён, вясковы хлапчук, зайздросціў начлежнікам.
У гаспадарцы не было каня, і ён не мог разам з усімі паехаць за вёску, на далёкі прылесны луг – пасядзець каля зыркага вогнішча, паслухаць казкі старых людзей. Казкі расказвала маці ў вольны час, вечарам, пры цьмяным агеньчыку газнічкі. І яны хвалявалі, западалі ў дзіцячую душу, каб потым, праз многа гадоў, адарыць рэдкім слоўцам, яркім мастацкім вобразам, новай, ужо сваёй задумаю.
Казка Васіля Віткі “Вавёрчына гора” стаіць у адным радзе з такімі паэтычнымі шэдэўрамі, як “Мушка-зелянушка і Камарык – насаты тварык” Максіма Багдановіча і “Рак-вусач” Якуба Коласа. Напісаная ў сярэдзіне мінулага веку, яна і сёння цешыць дзяцей дзівоснымі прыгодамі “пра жыццё-быццё лясное і яшчэ пра тое-сёе”.
Жыў на свеце дзед Васіль,
За плячыма мех насіў.
Дазналіся мышкі,
Што ў мяшэчку кніжкі,
Разгрызлі завязкі,
Бачаць, ажно ж – казкі.
Сталі клікаць дзяцей:
– Гэй, сюды ўсе хутчэй!..”
З чароўнага меха выпалі казкі “Буслінае лета”, “Дударык”, “Маскі”, “Казка пра цара Зубра”. А яшчэ вершы, песні-калыханкі, байкі, пацешкі, лічылкі, загадкі, у якіх героі – таксама казачныя.
Праз вусную народную творчасць, праз матчыны песні і казкі, праз мастацкую літаратуру адкрываў Васіль Вітка духоўныя скарбы сваіх папярэднікаў – людзей розных пакаленняў. І сам пакінуў нашчадкам багатую творчую спадчыну. Ушанаваны за гэта Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і міжнароднай прэміяй імя Ханса Крысціяна Андэрсена, занесены ў ганаровы спіс лепшых казачнікаў свету.
Бачу яго малым хлапчуком, які зайздросціць конным начлежнікам. Бачу яго, пасівелага, у нашым рэдакцыйным пакойчыку. Бачу яго, мудрага настаўніка, на сустрэчы з вучнямі ў школе. І прамаўляю з любоўю, як да жывога: “Дзякуй, дарагі Цімох Васільевіч, за вашы кнігі, за вашы ўрокі жыцця і роднага слова!”
Мікола Маляўка