Васіль ЗУЁНАК. Вершы
Ёсць у нас краіна “Мяў”
Не за сінімі марамі,
Не за цёмнымі лясамі –
Недалёка, побач з намі,
Ёсць краіна з жыхарамі –
Слаўным племенем каціным.
Сустракаюць тут гасцінна,
Прамурлыкаюць вам казку,
Ды і самі любяць ласку…
Шмат дзівосаў і праяў
Тоіцца ў краіне “Мяў”.
Кот адправіўся ў палёт
Сеў аднойчы ў самалёт
Падарожнік – шэры кот.
Узляцеў – і тут пабачыў,
Што маршрут не той – сабачы!
Мяўкнуў шэры і здзівіўся:
Як ён гэтак абмыліўся?!
Жучка – злева, Шарык – справа,
І сабачыя аб’явы!..
Пасажыру пасажыр –
Толькі й чуеш: “гаў” ды “гыр”.
І якія ў іх намеры? –
Як спытацца, як праверыць?..
І куды ляцім, нарэшце?! –
Тут ніяк не разбярэшся,
Бо наш кот для перамоваў
Па-сабачы – ані слова.
Во – з прычыны той, няйначай,
І купіў білет сабачы…
Ледзь не плача кот, аднак
Ёсць спагада і ў сабак, –
Нават і да іх, катоў,
Як-ніяк – сваіх братоў…
Тут жа ўміг бортправадніца
Наліла кату вадзіцы,
Каб ад сэрца адлягло.
Памагло-не памагло,
Але кот наш пажвавеў
І пабачыў: тут свае
І ў свой час на лад пайшлі:
Перакладчыка знайшлі.
Ён кату і растлумачыў,
Што ляціць той гурт сабачы
У каціны горад стольны
Дэлегацыяй дастойнай,
Каб наладзіць перамовы
І з катамі сябраваць,
Каб сабачы і катовы
Мір супольна мацаваць…
“Вось і ты там скажаш слоўца –
Нашым першым перамоўцам.
Знае хай цяпер урад:
Ты – галоўны дыпламат!..”
Чым той скончыўся палёт,
Знаю я і знае кот…
Цягнік
Майстраваць наш кот любіў:
Не свісток – цягнік зрабіў!
Шмат гасцей ён запрасіў –
І хапіла месца ўсім.
Для старых – вагон плацкартны,
Для дзятвы – вагон агульны.
Гоман там, і смех, і жарты, –
Лепш за ўсе забавы-гульні!
Кот паважна ў вус мурлыкаў:
“Ну, відаць што ўсіх паклікаў…”
Запрасіў мышэй таксама –
У вагон апошні самы.
Толькі мышы пацішэлі –
Не прыйшлі на запрашэнне…
Кот аж з твару стаў сушэй,
Не пабачыўшы мышэй.
І адно карціць яму:
Не прыйшлі яны чаму?..
А вагон той – крыўды ком –
Бег і бег паражняком…
Пад кустом
Каля плота з-пад куста
Выглядае паўхваста.
А другая дзе палова
Пышнай велічы катовай?
А другая пад кустом
У цяньку ляжыць з катом.
Дужа горача кату, –
Дзякуй добраму кусту!..
Ну а кончыку хваста
Не хапіла ўжо куста?!.
Не! Той кончык кволенькі
Дужа любіць сонейка.