Фоткі з-пад воблакаў
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Калі страшна, чалавек павінен нешта рабіць. Уцякаць. Хавацца. Крычаць. Прасіць дапамогі. Бараніцца.
Толіку, як падняліся высока на крылатай машыне, таксама зрабілася страшна. Але ж сорамна праяўляць страх. Побач сядзела Алеся ды раптам прытулілася да яго. І Толік зразумеў, што ёй таксама боязна.
– Глядзі, якое вялізнае лега пад намі! – сказаў ён і папрасіў, каб Алеся асмелілася зірнуць у акно.
– Праўда, унізе вялізная карціна, як бы карта горада.
Казачнік крыху павярнуў галаву да пасажыраў, усміхнуўся:
– Гэта і ёсць ваш горад, у якім жывяце.
– Ух ты!.. Мы – над горадам! – усклікнуў Толік.
– Як дзіўна, – ціха сказала Алеся. – Як прыгожа.
Голас Алесі быў мяккі, супакоены. Толік зразумеў, што страх пакінуў яе. А сам ён стаў як бы пераможцам. І Алеся гэта адчула. Яшчэ бліжэй прытулілася да яго. Разам пачалі ўзірацца ў левае акно машыны.
– Глядзі-глядзі, колькі жукоў поўзае, – зрабіў адкрыццё Толік.
Казачнік патлумачыў:
– Гэта галоўны праспект, а на ім многа машын.
– Давай сфоткаем. Пакажам у класе, бо могуць не паверыць, – прапанавала Алеся.
Вандроўнікі падаставалі фотаапараты. А казачнік уключыў відэакамеру, паабяцаў:
– Я вам яшчэ і фільм падару.
– Глядзі-глядзі, зялёная сараканожка папаўзла. Ды не адна! – зрабіў новае адкрыццё Толік.
– А гэта – цягнікі, электрычкі. Вунь збоку – чыгуначны вакзал.
– Ага, як мурашнік. Каля яго рухаецца вясёлкавы бісер, – азвалася Алеся.
– Гэта ж людзі! – здагадаўся Толік.
Казачнік моўчкі ўсміхнуўся.
Асмялелая Алеся кінулася да свайго правага акна. Да яе тут жа прыліп Толік. І яны пачалі ўслых рабіць новыя адкрыцці.
– О, як бы з лега складзены цэлыя кварталы дамоў.
– Глядзі, паміж вуліцамі паўзе сіняя гадзюка-велікан.
– Ага, гадзюка. Гэта ж рэчка Свіслач. А вунь – возера з фантанам. Далей – дзіцячы парк…
Толік і Алеся да таго асвоіліся ў крылатым “Опелі-попелі”, што папрасілі Казачніка падруляваць да іх школы. Трэба і яе сфоткаць. Па навігатары шафёр хутка знайшоў запатрабаваны аб’ект. Машына зноў напоўнілася вясёлымі галасамі.
– О, наш стадыён, дзе я забіваю галы, – з гонарам сказаў Толік.
– Наша школа падобна на літру “П”, – зрабіла адкрыццё Алеся.
– А вунь нашы мамы і таты плачуць, шукаюць сваіх крывінак, – пажартаваў Толік.
Казачнік пачуў жарт і сур’ёзна спытаў:
– Вы што, не сказалі бацькам пра вандроўку?
– Не паспелі, – прызналася Алеся.
Казачнік выйшаў у скайп праз тэлефон, падруляваў да воблачка, якое стаяла якраз над домам вандроўнікаў. Алеся і Толік перадалі на зямлю, прама ў кватэры, свае ўражанні пра першыя адкрыцці. Папрасілі не трывожыцца за іх.
Падключыўся да размовы і Казачнік:
– Вярну вашых дзяцей казачнымі!
А дзецям нагадаў:
– Мы ж ляцім на машыне “ШГК”. Будзем шукаць герояў казак.
– Дык гэта трэба ляцець у дрымучы лес, да Бабы Ягі, – сказала Алеся.
– А мо да балота?.. Там – Чорт, Вадзянік… – азваўся Толік.
Казачнік зноў усміхнуўся. Алеся і Толік ужо разумелі: калі ён усміхаецца, то ведае нейкую сваю таямніцу. На гэты раз Казачнік прызнаўся:
– Нікуды далёка, сябры, мы з вамі не паляцім. У вашым горадзе, не так далёка ад вашай школы, жыве знакаміты герой многіх беларускіх казак. Да яго пакіруем! Ён чакае нас!..
Крылатая машына пачала плаўна зніжацца над праспектам. Паказаўся высозны дом, вялізны магазін “Карона”, доўгі, крыху гарбаты мост цераз чыгунку. Машына плаўна дачыркнулася коламі да асфальту. Перад вандроўнікамі стаяў шасціпавярховы дом. А над ім, у высокім небе, – сяміколерная дуга прыроднай вясёлкі.
Уладзімір ЛІПСКІ