Роднае мястэчка
У самым цэнтры Беларусі, усяго за трыццаць кіламетраў ад Мінска, знаходзіцца маё роднае мястэчка Смілавічы. Тут працякае чысцюткая рачулка Волма, якая бярэ пачатак у падземным моры. У Волме водзіцца нават фарэль – рыба, што жыве толькі ў самай чыстай вадзе.
У Смілавічах нарадзіліся, жылі і жывуць многія выдатныя людзі нашай беларускай зямлі. Пра мастакоў парыжскай школы Хаіма Суціна і Сэма Зарфіна, якія некалі малявалі Волму і вуліцы роднага мястэчка, ведаюць многія. А вось пра шляхціча Яна Бараноўскага, які таксама нарадзіўся тут, мала хто чуў.
Ян Бараноўскі быў таленавітым фінансістам. Але ў 1830 годзе, калі пачалося паўстанне супраць царскай Расіі, ён, не раздумваючы, памяняў спакойнае жыццё банкіра на ўзброенае змаганне за волю. Пасля жорсткага падаўлення паўстання Яну давялося з’ехаць з роднай зямлі. Прытулкам для беларускага шляхціча стала Францыя. За свае дасягненні ў галіне фінансаў у 1849 годзе наш зямляк атрымаў залаты медаль у Парыжы, а ў 1851 годзе – у Лондане. Дзякуючы свайму бліскучаму таленту Ян Бараноўскі зрабіў некалькі вынаходніцтваў, якія выкарыстоўваюцца і сёння: чыгуначны семафор і кампосцер, машыны для друкавання і кантролю чыгуначных білетаў. У 1871 годзе праект Яна Бараноўскага дапамог выратаваць Францыю ад фінансавага крызісу.
У Смілавічах у маёнтку сваякоў жыў у дзяцінстве славуты кампазітар Станіслаў Манюшка. Тут ён стварыў цудоўныя оперы “Галька” і “Страшны двор”, якія да гэтага часу з захапленнем слухае Еўропа.
Некалі ў мястэчку стаяў цудоўны замак Сапегаў-Агінскіх, але ён быў разбураны заваёўнікамі. З цягам часу на месцы разбуранага замка прадстаўнікі родаў Манюшкаў-Ваньковічаў пабудавалі прыгожы палац. На пачатку мінулага стагоддзя ў ім размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум, але потым для тэхнікума пабудавалі новыя карпусы. Асірацелы палац пачаў хутка разбурацца. На шчасце, у пачатку 2014 года рэшткі палаца выкупілі на аўкцыёне, і пачалася рэканструкцыя.
Шмат цікавага можна пабачыць сёння ў Смілавічах. Тут захавалася і працуе адзіная ў Еўропе валяльна-лямцавая фабрыка, дзе вырабляецца прыгожы зімовы абутак – валёнкі.
Смілавічы праславілі і знакамітыя спартсмены. Маёй суседкай была энергічная і старанная дзяўчынка Люда Ваўчок. Яе школьныя рэкорды не пераўзыдзены да гэтага часу. Потым здарылася няшчасце: Людміла зламала спіну. Але дзяўчынка не апусціла рукі, і працягвала ўпарта трэніравацца. Яна – шматразовая чэмпіёнка Еўропы, свету і паралімпійскіх гульняў.
Ад дарослых стараюцца не адставаць і маленькія смілаўчане. Самыя настойлівыя, самыя адважныя хлопчыкі і дзяўчынкі мястэчка трэніруюцца ў секцыі самба ў школе алімпійскага рэзерву. У свой час пад кіраўніцтвам трэнера Яўгена Агейчыка чэмпіёнам Савецкага Саюза сярод студэнтаў па самба і чэмпіёнам свету па дзюдо стаў выхаванец гэтай школы Віктар Абраменка.
У родных Смілавічах у дзяцінстве я чуў легенды пра падземны ход з палаца Ваньковічаў-Манюшкаў ажно да Лядзенскага манастыра, пра скляпы шляхты на могілках, дзе хаваліся ў час вайны ад немцаў партызаны, пра нячыстую сілу, што вадзілася ў рэчцы…
Гісторыя Смілавічаў багатая, непаўторная. І сённяшнія местачкоўцы пішуць яе працяг. А значыць, няма такой сілы, якая здолее знішчыць нашу культуру, найпрыгажэйшую ў свеце беларускую мову – мову, на якой размаўлялі нашы слаўныя продкі.
Уладзімір Шулякоўскі
Спасибо Вам про такую интересную историю Смиловичей, я и не знал.