Кульбіт
У мяне ёсць брат. Яго завуць Антоша. Надзіва цікавы, з характарам хлопчык. Аднойчы мы з ім адпачывалі на лецішчы і ўгаварылі свайго дзеда Яўгена палуднаваць не ў хаце, а на двары. Дзед згатаваў свой любімы марацкі амлет, салату са свойскіх гуркоў і памідор, гарбату з мелісы і мяты, пакроіў нарачанскі духмяны хлеб і паклаў булачак-смятаннікаў. Усё гэта ён паставіў на століку, а самі мы – Антоша, я і дзед – паселі на маленькіх зэдліках і крэслах і сабраліся па-сяброўску папалуднаваць.
У гэты самы час Антоша, які ківаўся на сваім маленькім пластмасавым крэсле, раптам кульнуўся назад і, нечакана зрабіўшы кульбіт, стаў на ногі, збянтэжана пазіраючы на дзеда і мяне. У нас ад здзіўлення адвіслі сківіцы і пераняло дух. Выдыхнуўшы гэты дух, што ў нас пераняло, мы дружна зарагаталі. Антоша – маленькі і спрытны мой брацік – ад крыўды ўключыў сваю сірэну. Сірэна – так мы называлі ягоную дзівосную здольнасць гучна і моцна плакаць.
Тут дзед Яўген перастаў смяяцца і пачаў тлумачыць, што ён смяяўся ад сваёй разгубленасці, здзіўлення і нават страху за Антошу, які так нечакана спрытна зрабіў кульбіт назад. Бо гэта вельмі складаны акрабатычны прыём, які мала каму ўдаецца выканаць нават пасля шматлікіх трэніровак. Я таксама далучыўся да дзеда і пачаў хваліць Антошу і здзіўляцца ягонаму спрыту. Брат спачатку недаверліва скрозь слёзы пазіраў на нас, потым, паверыўшы ўрэшце, выключыў сваю сірэну.
Кастусь ТРАВЕНЬ
круто
Вельмі падабалася гэтая гісторыя! Ўдала!