Вершы Міколы Мятліцкага
Вторник, 7.10.2014 07:05. Рубрика: Вершы
Кросны
У музеі школьным – кросны,
Лёс у кроснаў незайздросны.
Ад світання да цямрэчы
Гучна грукалі пры печы,
Не лайдачылі-чакалі –
Палатно няспынна ткалі,
Каб было таго спажытку
І на сукню, і на світку.
А сягоння нашы кросны –
Як айчынны скарб дзівосны!
Галаўлі
У рацэ ля вольх жылі
Тры гарэзы-галаўлі.
Ды закінуў вуду Віця,
Пот з ілба гарачы выцер.
Здрыгануўся паплавок:
Аднаго – уміг падсёк!
З ім шчаслівы бег дамоў.
Колькі ў рэчцы галаўлёў?
ШПАК І ШЧУПАК
Над ракой на вольсе шпак,
А ў рацэ – хітрун-шчупак.
Непаседа-шпак на дрэве
Аж заходзіцца ў спеве.
Пільна вока шчупакова
Ўвагу дорыць спеваку:
Той, магчыма, выпадкова
З голькі зваліцца ў раку!
“Падхаплю за нагу –
Выплыць дапамагу!”
Добра ведае шпак,
Пра што марыць шчупак!