Рознакаляровая Жырафка
Даўным-даўно ў адным мястэчку адчынілася крама Цацак. Кожнае дзіця знаходзіла тут тое, пра што марыла. Ды толькі не ўсім цацкам пашчасціла займець сваіх гаспадароў. Шмат месяцаў рознакаляровая Жырафка чакала, калі хто-небудзь забярэ яе.
Калі крама зачынялася і ўсе цацкі клаліся спаць, Жырафка заскоквала на вітрыну і, гледзячы на вуліцу, як бы ў каго пыталася:
– Калі я знайду свой дом?
Аднойчы, калі Жырафка ў чарговы раз сумавала, седзячы на вітрыне, яна пачула голас з цемры:
– Добры дзень, Жырафка.
– Хто ты? – спалохана азірнулася яна.
– Не бойся, я – Каралева цацак. Клапачуся, каб усе вы трапілі ў добрыя рукі. А чаму ты тут сумуеш?
– Таму што я адзіная цацка, якая так доўга не можа знайсці свайго гаспадара, – журботным голасам адказала Жырафка і паглядзела на ўласнае адлюстраванне ў вітрыне.
Каралева падышла да яе бліжэй, абняла за доўгую шыю і сказала:
– Жырафка, ты нават не ўяўляеш, якая ты добрая!
– І што з таго? Дзеці ўсё адно не хочуць са мной сябраваць, – яшчэ з большым сумам адказала Жырафка.
Каралева толькі ўсміхнулася:
– Не журыся. Надыдзе дзень, калі ў краму зойдзе тая дзяўчынка, што забярэ цябе.
– Гэта праўда? – ажывілася Жырафка.
– Запомні! Кожнае дзіця знаходзіць сваю цацку, – сказала Каралева і гэтак жа нечакана знікла ў цемры, як і з’явілася.
Надышла раніца. Промні сонца абудзілі Жырафку. Яна расплюшчыла вочы, азірнулася і зразумела, што крама хутка адчыніцца. Жырафка спрытна заскочыла на паліцу з цацкамі і пачала распавядаць пра сустрэчу з Каралевай. Але цацкі не паверылі ёй. Яны ўсміхнуліся і сталі рыхтавацца да прыходу дзяцей. Жырафка адно што паспела крыкнуць ім услед:
– Вось пабачыце, дзяўчынка прыйдзе па мяне!
..Мінуў дзень, спакваля набліжаўся і вечар, але ніхто так і не падыходзіў да Жырафкі. І ўсё ж яна не губляла надзеі і па-ранейшаму верыла, што дзяўчынка абавязкова прыйдзе.
Раптам перад самым закрыццём крамы ў яе забегла маленькая дзяўчынка ў стракатай сукенцы. Яна, узрадаваная, кінулася да Жырафкі:
– Мама, мама, я знайшла сваю цацку! Паглядзі, якая прыгожая Жырафка!
Дзяўчынка ўзяла Жырафку на рукі і з таго часу больш ніколі не развітвалася з ёй. А калі дзяўчынка вырасла, то адчыніла ўласную краму цацак, якую назвала “Каляровая Жырафка”. У гонар сваёй любімай дзіцячай цацкі.
Таццяна Прышчэпава