Медалі імя Васіля Віткі знайшлі сваіх уладальнікаў
Канферэнц-зала Белдзяржцырка ўчора вітала гасцей часопіса «Вясёлка». Мерапрыемства было адказнае — ўручали медалі імя першага рэдактара нашага часопіса Васіля Віткі.
— Цяжка быць дзіцячым пісьменнікам, — сказаў галоўны рэдактар «Вясёлкі» Уладзімір Ліпскі. — Трэба разумець, што цікава дзецям, чым іх пазабавіць і як правільна данесці тую ці іншую думку.
Пакуль Уладзімір Сцяпанавіч успамінае вехі гісторыі часопіса, аглядзімся ў зале. Сярод настаўнікаў, бібліятэракараў і нашых маленькіх чытачоў бачым пісьменніц Раісу Баравікову, Алену Масла, Аксану Спрынчан. У апошнім раду сціпла сядзіць наша даўняя знаёмая Ірына Буторына…
Анатоль Клышка — першы герой свята, лаўрэат медаля ў намінацыі «Паэзія». Вядомы чалавек з вядомымі дасягненнямі. З ім дзеці знаёмяцца ў першым класе, калі бяруць у рукі буквар. Алесь Карлюкевіч, таксама знакаміты чалавек, акрамя сваёй журналістскай дзейнасці займаецца яшчэ і творчасцю на блага дзяцей. Ён атрымаў медаль у намінацыі «Проза». За мастацкае афармленне медаль атрымаў Віталь Дударэнка, мастак-афарміцель часопіса «Вясёлка». Ён прызнаўся, што з дзяцінства чытаў наш часопіс і верыць у тое, што «Вясёлка» пражыве яшчэ вельмі-вельмі доўга.
Уладзімір Ліпскі заснаваў узнагароду ад галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка». Яна ўручаецца дзецям за талент, за любоў да роднай мовы, краіны, часопіса. У 2013 годзе адзначыліся Лізавета Клімковіч і Надзея Місякова.
Асобным дыпломам адзначыла рэдакцыя часопіса Людмілу Захарэвіч, якая ў горадзе Барысаве арганізоўвае і праводзіць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай мове і тым ці іншым чынам звязаных з «Вясёлкай».
На гэтае свята творчасці завіталі артысты цырка — жанглёры і асілкі. Маленькія спявачкі з «Аванці» выканалі гімн часопіса «Весяліначка-сяброўка», а юныя мадэлі прадставілі новую калекцыю адзення.
Цёплая сустрэча сяброў скончылася. Сустрэнемся праз год. Пішыце нам і, магчыма, у наступным годзе ўзнагародзяць менавіта вас.
Марыя Базулька, фота аўтара.
Мерапрыемства было сапраўды хвалюючым і урачыстым! Дзеткі і цыркачы выступілі цудоўна! Атрымаць узнагароду з рук сучаснага класіка беларускай дзіцячай літаратуры Уладзіміра Ліпскага — вялікі гонар! Будзем і надалей шчыра працаваць з часопісамі «Вясёлка» і «Буся», каб ведалі нашы дзеткі сваіх беларускіх пісьменнікаў!Прыемна ўразіў новы фармат часопіса №5.
Спяшаюся дадаць свае віншаванні з нагоды атрымання Ганаровага звання «Залатая ліцера», якога ўдастоены часопіс «БУСЯ»