Незвычайная просьба
Чатырохгадовы Янка ўпершыню ў вёсцы. Прыехаў у госці да бабулі. Усё яго тут вабіла і цікавла. Асабліва любіў назіраць за рознакаляровымі матылямі ды казюркамі, якія карагодам таўкліся каля кветак у агародзе. Але занятак гэты цягнуўся не надта доўга. Бо ўспомніў малы пра матулю і замаркоціўся. Падбег да бабулі, прытуліўся да яе ды пытаецца:
– Калі прыедзе мая мама? Я ўжо сумую па ёй.
Ласкава зірнуўшы на ўнука, бабуля нечакана параіла:
– А ты залезь на печ, адчыні там юшку дый звонка крыкні ў дымаход: “Вутка, вутка, хай прыедзе мая маці хутка!” Тваю просьбу абавязкова пачуе качка. Жыве ж побач, вунь у той сажалцы! Яна паляціць у горад ды паведаміць тваёй маці, як ты сумуеш…
Паслухаўся Янка і ўсё зрабіў так, як бабуля раіла. Дзіва, дый годзе! На другі дзень завітала ў хату матуля. І не з пустымі рукамі, а з рознымі пачастункамі. Шчаслівы і вясёлы хлопчык кінуўся з абдымкамі да маці. А пра сябе тады падумаў: “Відаць, качка пастаралася. Бо недарэмна ж лазіў на печ!”
Ганна Атрошчанка