Сарока, воўк і зайчаняты
Братам-зайчанятам было толькі некалькі тыдняў. Як і ўсе малыя, былі яны бесклапотныя і шчаслівыя. Браты нават не спалохаліся, калі забеглі так далёка ад сваёй норкі, што адбіліся ад мамы. Зайчаняты, як і раней, бегалі навыперадкі, ганяліся за матылямі, куляліся і гаманілі. Нарабілі столькі шуму, што пабудзілі старую сароку, якая драмала на галіне дуба.
– Бач, расшумеліся! Маўчаць, малеча! – прыкрыкнула сарока на зайчанят.
Але тыя так разгуляліся, што нават не звярнулі ўвагі на сароку.
“Калі мяне не слухаецеся, дык воўк вас навучыць!” – вырашыла яна і паляцела шукаць ваўка.
Шэры адпачываў пад ялінаю, схаваўшыся ў цяньку.
– Спіш, стары лайдак, – прысароміла яго сарока, – а непадалёк зайцы гуляюць і цябе не баяцца.
– Як не баяцца?! – адразу ж прачнуўся воўк і клацнуў зубамі. – Я галодны, хутчэй вядзі мяне да іх!
Сарока нізка ляцела над кустамі. Воўк бег следам. Наблізіўшыся да палянкі, сарока папярэдзіла:
– Тут трэба цішэй – зайцы блізка.
Шэры і стараўся ступаць паціху, але пад нагу трапіла сухая галінка і моцна трэснула. Рэха пакацілася па лесе. Зайчанятам здалося, што гэта стрэл. Спужаліся браты, кінуліся ў розныя бакі.
Воўк пабег спярша за адным, потым – за другім, але зайчанятаў і след прастыў. Воўк толькі аблізнуўся і яшчэ раз клацнуў зубамі.
– Няўклюда, ніводнага не злавіў! – дакарала яго сарока.
– Выбіраў, каторы з іх большы, – апраўдваўся шэры.
– Праўду кажуць: за двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш! – заківала галавою сарока. – А можа, яно і лепш: затое цяпер зайчаняты ведаюць, як ад ваўка ратавацца.
Расціслаў БЕНЗЯРУК