Рыгор Мядзведзь
Дом дзядзькі Васіля, дзе прайшло маё маленства, стаяў на ўзгорку і ўсімі чатырма вокнамі глядзеў на поўдзень. Адразу за вокнамі дыбіўся густы, падобны да сухастойнага ельніку, тын. За ім пачынаўся спуск у нізіну да сажалкі. А яшчэ далей – лясы, поўныя праменнага святла і прывабных таямніц. Хвоі ўздымаліся шумлівымі вяршалінамі да самых аблокаў. Асабліва прыгожымі яны выглядалі ўзімку, прыбраныя снегам. Тады дрэвы былі падобныя да светлых каралёў у цудоўных белых футрах. У сонечны дзень дрэвы выпраменьвалі столькі радаснага бляску, што здаваліся блакітнымі, быццам абсыпанымі зоркамі.
Глядзеў я на блакітна-зялёны лес і думаў, што там пачынаецца сапраўднае жыццё. Але чамусьці мне ўяўлялася, што ведаў гэтае жыццё толькі наш паляўнічы Рыгор Мядзведзь. Невядома, хто і калі ахрысціў Рыгора Мядзведзем, але тая мянушка яму на дзіва адпавядала. Ён быў высачэзнага росту, няспешны ў рухах, узімку і ўлетку насіў буры залатаны кажух. Такому волату, ды яшчэ заўжды панураму і нелюдзімаму, надта пасавалі яго чорныя, смаляныя вусы і барада. Рыгора ў вёсцы недалюблівалі, распавядалі пра яго шмат неверагоднага. Нават хадзілі чуткі, быццам ён водзіцца з нячыстай сілай…
Напачатку я баяўся Рыгора і стараўся не паказвацца яму на вочы. Але адзін выпадак развеяў маю боязь… Неяк адвячоркам вяртаўся я далёкім лугам дадому. Аблітыя промнямі вечаровага сонца, дрэвы ўвесь час мянялі колер, і на іх нельга было нагледзецца. Раптам я пабачыў Рыгора. Ён сядзеў на высокім камені і глядзеў на неба. Я прысеў побач на другі камень, і мы моўчкі сядзелі, пакуль не апусціўся змрок. Калі згаслі апошнія барвяныя фарбы, Рыгор шумна падняўся і сказаў:
– Хораша!
Цяжка патлумачыць, чым прывабіў мяне гэты чалавек, але пасля таго вечара, варта было пабачыць яго са стрэльбай, цесна мне станавілася дома. Рыгор стаў для мяне не проста паляўнічым, а нейкім асаблівым чалавекам. З якой зайздрасцю я часам глядзеў яму ўслед, калі ён ішоў у лес!.. Мне думалася, што ён самы шчаслівы, самы дужы на зямлі, і, мабыць, таму такі замкнуты: ні з кім не хоча падзяліцца сваім шчасцем.
Тым ранкам Рыгор прайшоў каля нашай хаты, а я яшчэ доўга сядзеў каля акна і ў думках крочыў з ім побач. Урэшце я не вытрымаў: абуў старыя бацькавы боты і заспяшаўся за Рыгорам Мядзведзем. Паляўнічага я не дагнаў. Уезджаная лыжня вяла ў глыб лесу. Я зірнуў на свае падраныя боты, глыбей засунуў рукі ў кароткія рукавы і рашуча пакрочыў Рыгоравай лыжнёю.
Я шмат разоў правальваўся ў гурбы, падаў. У боты, у рукавы, за каўнер набіваўся снег. Але я ўставаў і крочыў зноў. Урэшце, мокры і змораны, я дабраўся да паляны. Прысеў на адталы пень, агледзеўся. Навокал – ціша. Ужо бралася на вечар, я мусіў вяртацца дадому. Стала вельмі прыкра, што я так і не змог знайсці паляўнічага Рыгора, але ж і заблукаць у цёмным лесе было страшна. Я падняўся і пайшоў назад, але, ступіўшы некалькі крокаў, глыбока праваліўся ў снег. Перад вачыма паплылі вясёлкавыя кругі, у вушах зазвінелі званочкі. Мне мроілася, што на ледзяным кані выехаў уладар лесу – паважны, у беласнежных строях, з каронай на галаве…
– Ты што тут робіш? – пачуў я гучны голас.
Расплюшчыў вочы і пабачыў… схіленага нада мной паляўнічага Рыгора.
– Дык вы – цар лесу? – здзіўлена спытаў я.
Рыгор Мядзведзь вызваліў мяне са снегу і панёс да астраўка ельніку.
– І які лясун цябе завёў сюды? Змерз увесь, – сурова буркатаў стары, прыціскаючы мяне да сваёй заінелай барады.
– Нік-коль-ль-кі, – стукаючы зубамі, адказаў я.
Неўзабаве Рыгор Мядзведзь расклаў вялікае вогнішча. Уладкаваўшыся на мяккіх хваёвых лапках, я распраўляўся з лустай хлеба, і час ад часу я пазіраў на свайго ратаўніка. А ён, паважны і добры, няспешна чараваў над кацялком з паляўнічай поліўкай.
– Дык значыць, кажаш, я цар? – з усмешкай спытаўся Рыгор.
– Цар, цар, – паўтарыў я, ведаючы, што стары не пакрыўдзіцца.
– Ну, калі так, дык быць табе царэвічам! – весела зазначыў паляўнічы.
Я засмяяўся, паглядзеў на Рыгора Мядзведзя. Ён здаваўся мне чароўным дзядком з вясёлай казкі.
Падсілкаваўшыся і адагрэўшыся, мы заспяшаліся дадому.