Дзівосныя зоркі
Сузор’е з вершаў
Дарагі сябра! Напэўна, табе ўжо вядома, што, калі ты нарадзіўся, у небе загарэлася зорка, якую запаліў анёл. Я веру, што ты станеш зоркай першай велічыні. І я ведаю, што гэта магчыма толькі тады, калі ты будзеш чытаць вершы, бо ў слове ВЕРШ схаваныя і вера, і вяршыня.
Зорка рэпа
Дзед
Пра рэпу
Рэп
Пісаў.
Напісаў
І ў такт
Скакаў.
Танчыў так,
Што згаладаўся.
Рэпу з’еў,
А рэп
Застаўся.
Хіт ад зоркі
Кіт жыў на свеце
Дужа лянотны,
Нават не мог ён
Вывучыць ноты,
Нават фантан
Выпускаць не хацеў.
Сіні быў кіт,
Ды паціху
Жаўцеў.
І ўжо з апошніх
Кітовых сіл
Вырашыў вырабіць
Ён насціл.
“Чаму б кіту
І не мець
Свой плыт?
Рыбы пабачаць –
Разумны кіт”.
І так шчыраваў
Над насцілам
Кіт,
І так ён спяваў
Кітовы
Хіт,
Што зноў пасінеў,
Лянота зжаўцела,
А плыт
Замест крыгі
Ўзялі
Цюлені.
@, альбо Камп’ютарная зорка
На клавіятуры
Смоўжык жыў пануры.
І як не быць такім,
Калі ўсе б’юць па ім,
Сабакам называюць,
Лістамі ўсё даймаюць.
Калючая зорка
Вожык тупае па хаце,
Значыць – будзе ў нас багацце.
Ён натупае грыбоў:
Маслякоў, баравікоў.
Пойдзем з ім шукаць лісічкі,
Нібы сонейкі-сястрычкі.
Як грыбы не змесціць кошык,
Іх на голкі возьме вожык.
Будзе столькі ў нас грыбоў,
Што збярэм усіх сяброў.
Пых-пых-пых і туп-туп-туп,
Для гасцей мы зварым суп.
Зорная госця
Не на зорцы –
На нашай зямлі
Ёсць венерыны чаравічкі.
Як пабачыш –
Не рві,
Не насі.
А загадвай жаданне,
Прасі,
Каб на роснай сцяжыне лясной
Пасля доўгай зімы вясной
Са слядамі дзікоў і зуброў,
Са слядамі ласёў і баброў
Ты знайшоў таямнічага след –
Нашай зорнае госці квет.
Аксана Спрынчан