Урок 8. Мая Радзіма — Беларусь
Вывучаць гiсторыю роднага краю заўсёды цiкава. Тут на дапамогу падручнiку таксама прыйдзе часопiс «Вясёлка». У iм працуе рубрыка «Наша спадчына», у якой ужо шмат гадоў друкуюцца апавяданнi пра вядомых гiстарычных асоб, знакамiтых пiсьменнiкаў. Вельмi цiкавы цыкл апавяданняў У. Лiпскага пра нашу Радзiму з дамашнiмі заданнямi, прапанаваны ў 2008 годзе. («Гiсторыя», «Браты», «Вобласцi», «Раёны», «Гарады», «Вёскi», «Сталiца», «Радавод».)
Напрыклад: «Паспрабуйце разгадаць тайну назвы вашай вёскi альбо вёскi вашых бабуль i дзядуляў, даведайцеся яе гiсторыю, напiшыце пра людзей, якiя там жывуць».
Адгорнем першыя старонкi кнiгi Уладзiмiра Лiпскага «Я тут жыву»:
Мая Беларусь…
Не голас, сэрца прамаўляе гэтыя словы, –
з любоўю, з гонарам,
з душэўнай пяшчотай.
Тут – наша гiсторыя.
Тут – мае каранi.
Тут – напеўная родная мова.
Тут – жывём мы!
Вельмi запатрабаваная рубрыка «Музей Васi Вясёлкiна», у якой дзецi знаёмяцца са старажытнымi прадметамi побыту i iх прызначэннем. Што такое абрус, грэбень, каснiкi i iншыя прадметы, якiя былi i ёсць спадарожнiкамi беларусаў на працягу стагоддзяў, – пра гэта дасціпна расказвае паэт Мікола Маляўка, аўтар выдатнай кнігі «Спадчына, або Хата з матчынай душой». У даступнай форме часопiс расказвае пра беларускiя прадметы побыту, i цудоўна, калi дзецi будуць добра знаёмы з iмi. Нібыта ў сапраўдным музеi пабылi. А пасля можна зрабiць падарожжа ў краязнаўчы музей свайго горада цi вёскi, адправiцца на экскурсiю па iншых мясцiнах Беларусi. Тут ужо можна самiм вучням пабыць у якасцi экскурсавода i прапанаваць успомнiць сваёй экскурсiйнай групе, з якiмi прадметамi пазнаёмiў iх «Музей «Вясёлкi». Вось дзе спатрэбяцца гэтыя веды.А з 2008 года ў часопiсе распрацаваны каляровыя карты Рэспублiкi Беларусь, якiя знаёмяць вучняў з усiмi абласцямi краiны, жывёльным i раслiнным светам, асноўнымi галiнамi прамысловасцi.
У 4 класе вучнi пачынаюць вучыцца працаваць з атласам i контурнай картай. Карты «Вясёлкi» дапамагаюць зрабiць i гэты працэс больш цiкавым i вясёлым.Варта яшчэ адзначыць i конкурсы «Люблю Беларусь» i «Самая дарагая рэч у вашай сям’i», у якiх кожнаму хлопчыку i дзяўчынцы дадзена магчымасць праявiць свае творчыя здольнасцi i стаць удзельнiкам (а можа, i пераможцам) конкурсу.
Сапраўдную дапамогу настаўніку прынясуць творы Васіля Віткі «Беларусь», Анатоля Грачанікава «Беларускія краявіды», Веры Вярбы «Мой край», Артура Вольскага «Беларусь», Генадзя Бураўкіна «Наша песня», Анатоля Грачанікава «Народ і песні», Эдзі Агняцвет «Зямля з блакітнымі вачамі», Алега Лойкі «Чый ты будзеш?», Уладзіміра Мазго «Назвы, родныя здавён» і іншыя творы пра Радзіму.